Міліцэйскі гараж можа пашкодзіць помніку ХVІІ стагоддзя


Нягледзячы на гэта, мясцовыя ўлады далі дазвол на будаўніцтва.

На сесіі Талачынскага раённага Савету дэпутатаў абраннік ад Варанцэвіцкай выбарчай акругі Аляксандр Марэйка падняў пытанне пра незаконнасць будаўніцтва гаража раённым аддзяленнем «Ахова» МУС. Рэч у тым, што гараж-прыбудова ўшчыльную падыходзіць да тэрыторыі жаночага манастыра і дэкаратыўнага плоту помніка архітэктуры ХVІІ ст.

Касцёл быў закладзены Львом Сапегам яшчэ ў 1604 г. У 1769-м княскі род Сангушкаў заснаваў базыльянскі манастыр, у 1796 г. ён быў пераўтвораны ва ўніяцкую царкву, а ў 1804-м – у Пакроўскую праваслаўную царкву.

У 1779 г. побач з касцёлам пабудавалі жылы корпус. Гэты помнік гісторыі цікавы таксама тым, што на яго тэрыторыі пры адступленні з Расеі ў 1812 г. спыняўся Напалеон Банапарт. Краязнаўцы звяртаюць увагу на тое, што талачынскі архітэктурны помнік стаіць у адным шэрагу з такімі шэдэўрамі, як Сафійскі сабор у Полацку ды касцёл у Глыбокім.

Аднак начальнік Дэпартаменту аховы МУС у Талачынскім раёне Аляксей Машкароў супярэчнасцяў не бачыць. «Будаўніцтва ўзгодненае з адпаведнымі органамі, яны далі дазвол на ўзвядзенне гаража. Ніякім чынам царкву ён закранаць не будзе», – заявіў ён.

Актывісты грамадзянскай кампаніі «Наш дом» лічаць, што гараж уносіць дысбаланс у архітэктурны ансамбль. «Будаўніцтва дрэнна паўплывае на аблічча манастыра, і гэта не прыкрыць словамі начальнікаў аб выдачы дазволу на будаўніцтва «на законных падставах», – кажа актывіст Стась Друцкі. – Кампанія «Наш Дом» будзе дапамагаць дэпутату Марэйку дамагчыся праўды ў гэтым пытанні. Бо менавіта ён першы ўзняў гэтую праблему на ўзроўні Савету дэпутатаў».

belsat.eu

Стужка навінаў