Журналістка абразіла суд? (Абноўлена)


Журналістку Таццяну Бублікаву затрымалі ў Менску пры выкананні сваёй працы. У судзе яна збірала інфармацыю аб позве жыхара Гомля супраць «Белтэлерадыёкампаніі». Па адным з дзяржаўных тэлеканалаў паказалі ягоных сваякоў такім чынам, быццам яны мелі дачыненне да гандлю людзьмі.

Журналістку павезлі ў Першамайскае РУУС, яе вінавацяць у непавазе да суда. Нам удалося датэлефанавацца да Таццяны: паводле яе, пратакол пакуль не складзены. «Як я зразумела з таго, што вакол адбываецца і што гавораць міліцыянты, суддзя дала ўказанне затрымаць мяне на тры гадзіны дзеля высвятлення асобы, а потым прывезці назад у суд проста да яе, каб скласці пратакол і судзіць за непавагу да суда», – распавяла журналістка.

Саму хаду працэсу супраць «Белтэлерадыёкампаніі» Таццяна Бублікава называе «абуральнаю». «Суддзя відавочна з першых хвілінаў заняла пазіцыю «Белтэлерадыёкампаніі» ды сваімі пытаннямі давала зразумець удзельнікам працэсу, што нічога абразлівага ў сюжэце на дзяржаўным тэлебачанні не было. Я не вытрымала гэтага фарсу, устала і сказала: «Вы яшчэ назавіце чорнае белым» – і выйшла з залы. Мяне адразу затрымалі», – распавяла журналістка.

Праз тры гадзіны журналістку завезлі у суд, чакалася, што там складуцб на яе пратакол, аднак суддзі не было на месцы і Таццяну адпусцілі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары