Салідарныя з Каваленкам


Віцебскі камітэт дапамогі актывісту Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ Сяргею Каваленку мае намер дамагацца прызнання яго палітзняволеным і вязнем сумлення. Пра гэта паведаміла чалец камітэту Таццяна Севярынец.

Нагадаем, 30 снежня сустаршыня аргкамітэту стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец ініцыяваў стварэнне камітэту дапамогі Сяргею Каваленку, якога лічыць палітзняволеным.

Паводле Таццяны Севярынец, вечарам 5 студзеня камітэт дапамогі Каваленку сабраўся другі раз. «Мы абмеркавалі, якім чынам можам дапамагчы актывісту. Па-першае, мы будзем дамагацца прызнання яго міжнароднымі арганізацыямі вязнем сумлення. Па-другое, мы будзем ініцыяваць кампанію салідарнасці. 16 студзеня, у яго дзень нараджэння, мы будзем заклікаць усіх адпраўляць яму віншаванні, каб ён ведаў, што пра яго не забыліся і ягоная справа набыла грамадскі рэзананс. І па-трэцяе, мы сабралі некаторую суму грошай для пераводу на ягоны рахунак, каб ён змог купіць сабе ваду ў шапіку ў следчым ізалятары», – паведаміла Таццяна Севярынец.

Сяргей Каваленка працягвае галадоўку ў СІЗА, пратэстуючы супраць свайго затрымання, нагадала Севярынец. «Мабыць, таму перадачы для яго не прымаюць. Немагчыма нават перадаць яму пітную ваду», – адзначыла яна.

Нагадаем, Сяргея Каваленку арыштавалі ў межах распачатай у дачыненні яго справы паводле арт. 415 Крымінальнага кодэксу («Ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі»). Актывісту пагражае да трох гадоў зняволення. Нагодаю для пераследу сталіся нібыта чатыры парушэнні, якія Каваленка ўчыніў падчас адбывання пакарання.

Міліцыя неаднаразова затрымлівала Каваленку за арганізацыю розных акцыяў. У траўні 2010 г. суд Кастрычніцкага раёну Віцебску прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай елцы Віцебску 7 студзеня. Гэты ўчынак улады кваліфікавалі як «наўмысныя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак і дэманструюць яўную непавагу да грамадства».

belsat.eu

Стужка навінаў