Сяргей Балыкін: Павышэнне базавай велічыні ўдарыць па бізнесе


Павышэнне базавай велічыні прывядзе да павелічэння выдаткаў суб’ектаў гаспадарання, упэўнены кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін.

У Беларусі базавая велічыня з 1 красавіка 2012 г. складзе 100 тыс. бел. руб. Гэта прадугледжвае пастанова Савету Міністраў № 1785 ад 30 снежня 2011 г. Цяпер базавая велічыня складае 35 тыс. руб. Сяргей Балыкін нагадаў, што на сённяшні дзень у базавых велічынях вылічаюцца рознага кшталту штрафы і дзяржаўныя пошліны. Напрыклад, плата за рэгістрацыю камерцыйнай арганізацыі складзе з 1 красавіка 500 тыс. руб.

У базавых велічынях вызначаныя некаторыя плацяжы, якія даводзіцца ажыццяўляць перыядычна. Напрыклад, стаўкі арэнднай платы ўстаноўленыя ў базавых велічынях Указам прэзідэнта № 518 ад 23 кастрычніка 2009 г. са змяненнямі ад 4 кастрычніка 2011 г. «Атрымліваецца, што з ростам базавай велічыні трохкратна вырасце і арэнда», – канстатаваў эксперт.

«Асаблівую небяспеку гэта ўяўляе, бо арэндная плата адносіцца да так званых пастаянных выдаткаў, якія даводзіцца несці незалежна ад наяўнай у суб’екта гаспадарання выручкі, – патлумачыў Балыкін. – Але, на жаль, выручка беларускіх суб’ектаў гаспадарання нават у беларускіх рублях вельмі часта не расце і нават зніжаецца. У такіх умовах рост арэнднай платы можа прывесці да эканамічных стратаў для прадпрыемстваў і нават да спынення іх дзейнасці».

Паводле эксперта, найлепшым выхадам была б поўная адмова ад устанаўлення плацяжоў у нейкіх штучных велічынях і прывязка іх да беларускага рубля. «Урэшце, грашовай адзінкай у Беларусі пакуль застаецца беларускі рубель, а зусім не базавая велічыня, не долар і не еўра», – падкрэсліў Сяргей Балыкін.

belsat.eu

Стужка навінаў