Аляксандр Сінкевіч у «Гарачым каментары»


5 студзеня. Навагоднія прыпасы скончыліся нават у самых вялікіх беларускіх лядоўнях. Самы час шукаць гаманец ды зноўку выпраўляцца ў краму ці на рынак.

Новы год – новы рост. Ад пачатку студзеня мы маем навіну пра павышэнне стаўкі базавай велічыні з 35 000 да 100 000 руб., вырас долар ЗША на валютных гандляваннях, акцызы на алкаголь і тытунь. Таксама да эканамічнага партрэту 2012 г. дадаем выданне дзяржаўных доўгатэрміновых аблігацыяў на 4,7 трлн руб., запланаванае скарачэнне ўдвая ад леташняга аб’ёму будаўніцтва жытла, запланаваны продаж “Белтрансгазу”, “Мабільных Тэлесістэмаў” ды інфармацыю ад Міністэрства фінансаў пра дзяржаўную запазычанасць Беларусі, якая летась вырасла на 242,3 % і склала 39,4 % валавога ўнутранага прадукту на стан 1 снежня 2011 г., або 104,5 трлн руб. Агромністыя лічбы ў перакладзе на мову гаманцоў звычайных беларусаў.

Паводле эканаміста, нягледзячы на адсутнасць навагодніх падарункаў у выглядзе рэзкага павялічэння коштаў або дэвальвацыі, насельніцтва краіны відавочна бяднее – і насцярожана глядзіць у будучыню.

“Немагчыма сказаць, што чакае Беларусь сёлета. Мы перадалі ўсю энергетычную бяспеку ў рукі Расеі. Таму шмат залежыць ад іх ды расейскіх прэзідэнцкіх выбараў у сакавіку. І яшчэ адна рызыка, якую бачу не толькі я, але і іншыя адмыслоўцы, – крызіс еўразоны. Бо вялікая частка экспарту ідзе ў Еўразвяз, і ў выпадку нейкіх праблемаў там гэта адаб’ецца на беларускіх экспарцёрах”, – кажа спадар Сінкевіч.

Разам з тым адмысловец зазначае, што крызіс леташніх маштабаў Беларусі наўрад ці пагражае. Іншая рэч, што ў выпадку перамогі Пуціна на прэзідэнцкіх выбарах працягнецца ціск на нашую краіну з мэтаю продажу чарговых прадпрыемстваў.

belsat.eu

Стужка навінаў