Менчукі бароняць парк 40-годдзя рэвалюцыі


Як паведаміла актывістка экалагічнага таварыства “Зялёная сетка” Марына Дубіна, 4 студзеня абаронцы парку пабывалі на прыёме ў міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіміра Цалка і перадалі яму адозву, у якой выкладзеная праблема. Паводле Дубінай, міністр распарадзіўся стварыць камісію, якая мае разабрацца ў канфліктнай сітуацыі.

Аднак наступным ранкам у парк зноў прыехалі працаўнікі ды працягнулі высякаць дрэвы. Ім перашкодзілі грамадскія актывісты і мясцовыя жыхары. Пазней у парк прыбыў прадстаўнік унітарнага прадпрыемства “Менскзелянбуд”, які правёў тэлефонныя кансультацыі са сваім кіраўніцтвам. На вуснае распараджэнне кіраўніцтва “Менскзелянбуду” высечку дрэваў спынілі.

У парку 40-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі плануецца пабудаваць гатэльны комплекс “Пекін”. Праект прадугледжвае знішчэнне больш як 300 дрэваў і забудову прыблізна 70 % тэрыторыі парку. Паводле мясцовых жыхароў, высечка пачалася 26 снежня. Знішчаныя ўжо прыкладна два дзясяткі дрэваў.

“Мы адразу пабеглі сюды, пачалі захінаць дрэвы сабою. Нас папярэдзілі пра парушэнне правілаў парадку. На Акрэсціна трапіць не баюся. Кажуць, там някепскія людзі сядзяць”, – сказала адна з абаронцаў парку.

Праціўнікі высечкі парку адзначаюць яго значэнне для менчукоў. Сярод іншага, падкрэсліваюць, што 16 чэрвеня 1944 г. менавіта тут адбыўся парад партызанскіх войскаў пад камандаваннем генерала Чарняхоўскага, у якім удзельнічалі 30 000 партызанаў Беларусі ды 20 000 беларусаў. У Другую сусветную вайну тут каралі смерцю менскіх падпольшчыкаў і партызанаў, а ў 1946 г. тут адбылося пакаранне смерцю палонных немцаў, якое памятаюць старажылы. “Як можна гэтае знакавае, важнае для людзей месца, могілкі ператвараць у гульбішча?” – пытаецца адна з праціўнікаў высечкі парку Святлана.

Мясцовыя жыхары і эколагі пратэстуюць супраць знішчэння парку. Яны прапаноўваюць уладам ды інвестарам перанесці запраектаваны комплекс “Пекін” на тэрыторыю размешчанага побач недабудаванага заводу імя Кірава, а парк – захаваць. Абаронцы парку ўжо звярталіся ў Адміністрацыю прэзідэнта, асабіста да старшыні Менскага гарвыканкаму Мікалая Ладуцькі, у Камітэт дзяржаўнага кантролю, адміністрацыю Ленінскага раёну Менску, Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валянціны Леваненкі. Больш за 400 чалавек падпісаліся пад адпаведнаю адозваю на імя Аляксандра Лукашэнкі. Адказу ад чыноўнікаў пакуль няма.

belsat.eu

Стужка навінаў