Леанід Заіка: Імпартазамяшчэнне – шызоідная ідэя


Эканаміст пракаментаваў дакумент з пералікам тавараў імпартазамяшчэння ў 2012 г. Беларускія прадпрыемствы і гарвыканкамы асвояць вытворчасць ажно 80 пазіцыяў сацыяльна значных тавараў.

Сярод іх побытавая тэхніка, касметыка, граблі, кардонавыя скрынкі, шакаладныя яйкі ды нават дзіцячыя і жаночыя падпаскі.

“Такая ідэя можа прыйсці толькі ў галаву чыноўніку, якому няма чаго рабіць. Усё гэта не ёсць важным для краіны. Дастаткова ўзяць леташнюю статыстыку, з якой вынікае, што мы набылі цукру ў Бразіліі на $ 340 млн. Навошта? Калі мы самі за гэтыя грошы маглі б спакойна забяспечыць сябе цукрам”, – кажа спадар Заіка.

А калі згадаць легендарны ўжо закуп нафты ў Венесуэле і Азербайджане, то толькі да восені мінулага года з беларускага бюджэту на гэты праект пайшло $ 1,5 млрд. Наўрад ці ўся праграма імпартазамяшчэння за 2012 г. зможа кампенсаваць хоць частку гэтых грошай.

“Замест таго, каб гэтаю лухтою займацца, трэба стымуляваць экспарт. І грошы накіроўваць на павелічэнне экспарту. А нашым чыноўнікам, відаць, незразумела, што калі кожная краіна будзе займацца імпартазамяшчэннем, то міжнародны гандаль спыніцца. І ўся міжнародная гандлёвая супраца сыдзе да нуля, калі кіравацца беларускім варыянтам, які ўвогуле ёсць анамальным. Трэба адзначыць, што ў спісе імпартазамяшчальных тавараў ёсць і граблі… Вось гэта трэба было б замясціць – граблі. Бо на гэтыя граблі ўвесь час наступае кіраўніцтва Беларусі”, – зазначыў эканаміст.

belsat.eu

Стужка навінаў