Апытанне: Купляй беларускае!


Савет Міністраў нашай краіны абнародаваў дакумент з пералікам тавараў імпартазамяшчэння ў 2012 г.

У новым годзе нашыя прадпрыемствы бяруцца за выраб шмат якіх сацыяльна значных тавараў. Сярод іх і “пустыя шакаладныя яйкі” ў колькасці 2000, тысяча фрэзеравальных грабляў, 250 дзіцячых вазкоў і 5000 вазкоў-цацак і тысячы пракладак і падпаскаў, за выраб якіх адказвае Менскі гарвыканкам. Гэта далёка не поўны спіс імпартазамяшчальных тавараў, з усімі можна пазнаёміцца тут.

“Белсат” запытаўся ў менчукоў, тавары чыёй вытворчасці часцей набываюць яны.

“Натуральна, лепш замежнае. Часта няма беларускіх тавараў належнае якасці, і яны папросту даражэйшыя”, – мяркуе малады чалавек.

“Харчы ў нас якасныя і смачныя. А тэхніка… Трактары, МАЗы. МАЗ – машына добрая”, – пасміхаецца апытаны.

“Побытавую тэхніку намагаемся купляць імпартную, бо не давяраем нашай. Але не ўсё так – напрыклад, наш абутак вельмі добры, наш трыкатаж, дый нават нашая касметыка вельмі добрая”, – кажа пажылая жанчына.

“Бацькі вось куплялі тэлевізар беларускі. Рэшта была імпартная. Беларускае – непрыгожы дызайн, дый усё непрыгожае. І якасць не параўнаць – там тэхналогіі лепшыя”, – кажа чарговы рэспандэнт

“Цяпер, здаецца, узровень нашага вырас, і я з задавальненнем буду купляць беларускае”, – кажа жанчына сталага веку.

belsat.eu

Стужка навінаў