Бізнесу прапаноўваюць аказваць сацыяльныя паслугі


Улады пагадзіліся на канкурэнцыю ў гэтай сферы.

На сёння сацыяльныя паслугі грамадзянам аказваюць выключна дзяржаўныя арганізацыі. Але крызіс унёс карэктывы, і ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны прызналі неэфектыўнасць манаполіі.

Гэтак, намесніца міністра Валянціна Каралёва адзначыла, што ў краіне расце колькасць грамадзянаў, якім патрэбны сталы догляд, а таксама па-ранейшаму неабходна павялічыць набор сацыяльных паслугаў. “Развязанне гэтай праблемы магчымае двума спосабамі, – лічыць яна. – Першы – коштам павелічэння колькасці дзяржаўных арганізацыяў, якія аказваюць сацыяльныя паслугі, але гэта прывядзе да значнага павелічэння выдаткаў з бюджэту. Другі варыянт – праз прыцягненне арганізацыяў недзяржаўнага сектару і ІП, якія аказваюць сацыяльныя паслугі. Гэты варыянт нам падаецца больш эфектыўным”.

У міністэрстве таксама паведамілі, што ўжо распрацаваны адмысловы законапраект. Пры спрыяльных умовах ён пачне дзеяць у 2013 г. У такім выпадку выканаўцу сацыяльных паслугаў будуць абіраць на конкурснай аснове.

Бізнес-аналітык Вадзім Селіханаў звяртае ўвагу на тое, што за мяжою догляд старых людзей, інвалідаў ды іншых катэгорыяў насельніцтва, якім патрэбная дапамога, ужо даўно забяспечваюць прыватныя кампаніі. “Дзяржава мае свой рэзерв працаўнікоў, але звычайна гэта невялікі штат. Асноўная маса – людзі, якія працуюць на прыватніка. Прычым каб прыцягнуць як мага больш бізнесоўцаў, дзяржава забяспечвае ім ільготы, скарачэнне падаткаў, і ў грамадстве займацца такім бізнесам лічыцца прэстыжным. Для Беларусі гэта будзе вельмі карысны досвед”, – лічыць эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў