«Белчыгунка» абнаўляе тэхнічны парк


Сёлета з’явяцца 32 новыя цягнікі.

Як паведамляе прэсавая служба, беларуская магістраль плануе набыць шэсць грузавых электравозаў і тры пасажырскія цеплавозы. Акрамя гэтага, у лакаматыўным дэпо “Ліда” для “Беларускай чыгункі” вырабяць 12 манеўровых цеплавозаў. Для гарадскіх лініяў новага фармату “Беларуская чыгунка” закупіць тры пасажырскія электрацягнікі, для рэгіянальных лініяў – два электрацягнікі бізнес-класу і шэсць аднавагонных дызель-цягнікоў эканомкласу. З дапамогаю аднавагонных цягнікоў плануюць разгрузіць найбольш запатрабаваныя сярод пасажыраў рэйсы.

“Сёлета запланавалі таксама мадэрнізацыю рухомага складу, – кажа галоўны інжынер “Белчыгункі” Валер Шубадзёраў. – Лакаматывы будуць абсталяваныя новымі кабінамі машыніста з эрганамічнымі пультамі кіравання. Мадэрнізацыя не толькі палепшыць тэхнічны стан цеплавозаў і скароціць выдаткі на іх далейшае абслугоўванне, але і дазволіць дасягнуць 10–15 % эканоміі паліва”.

Тым часам пасажыры наракаюць, што ў шмат якіх цягніках няма камфортных умоваў, у тым ліку пры міжнародных перавозках.

“На нашым балансе цяпер больш за 600 вагонаў, вялікая частка з іх набытая даўно, калі сістэма кандыцыянавання паветра яшчэ не была прадугледжаная, – тлумачыць начальнік аддзелу арганізацыі пасажырскіх перавозак Менскага аддзялення Валер Калюжны. – Сёння і плацкартавыя, і купэйныя, і СВ-вагоны абсталяваныя кандыцыянерамі ды халадзільнымі ўстаноўкамі, яны ездзяць у Сімферопаль, Еўпаторыю, Адэсу, Маскву. Астатнія змяняем у адпаведнасці з планам – але не так хутка, як хацелася б. Вагон з найноўшым абсталяваннем каштуе каля 2 млрд рублёў. Пасажырскія перавозкі стратныя, а “Беларуская чыгунка” датацыяў ад дзяржавы не атрымлівае і страты пакрывае коштам грузавых перавозак”.

Летась “БЧ” набыла тры сучасныя электрацягнікі для гарадскіх лініяў, два электрацягнікі бізнес-класу для рэгіянальных лініяў, а таксама тры пасажырскія цеплавозы.

belsat.eu

Стужка навінаў