Апытанне: павелічэнне платы за студэнцкія інтэрнаты


Разам з падвышэннем базавай велічыні ўтрая вырастуць кошты і на студэнцкае жытло, плата за якое прывязаная да гэтай адзінкі. А толькі два месяцы таму плата за інтэрнаты павялічыліся амаль у шэсць разоў.

Ад красавіка за месца ў пакоі найлепшага інтэрнату (у Менску, напрыклад, гэта № 11 БДУ) трэба плаціць 300 000 руб. А за інтэрнаты найніжэйшай катэгорыі, якія ў сталіцы прэзентаваныя хоць бы інтэрнатам Універсітэту культуры і будынкамі БНТУ на пр. Незалежнасці ды вул. П. Броўкі, прыйдзецца аддаць 100 000 руб. І ўсё гэта пры мінімальнай стыпендыі 376 000 руб.

“Белсат” запытаўся ў студэнтаў, як яны збіраюцца даваць рады ў гэткіх умовах.

“Я буду плаціць каля 250 000. І так вельмі моцна павялічылі плату за інтэрнаты… Магчыма, бацькі будуць дапамагаць, ці на працу трэба будзе ісці, а пакуль што – не хапае часу на працу, трэба з вучобаю справіцца”, – кажа студэнтка.

“Дорага – нават вельмі дорага. Калі шчыра, то і цяпер не хапае стыпендыі ўвогуле ні на што – такія кошты. Ну, значыць, давядзецца на працу ўладкоўвацца, неяк будзем”, – з аптымізмам адказвае чарговая рэспандэнтка.

“Ну ў нас усё цяпер даражэе, таму – гэта лагічна. Мы проста на эканамічным навучаемся, таму і ведаем, чаму гэтак адбываецца. Рыначная эканоміка, мы пераходзім да рыначнай эканомікі – кожны выжывае, як можа”, – падзяліўся ведамі студэнт.

“Давядзецца змірыцца з гэтым, што ж зробіш. Прыйдзецца ў нечым сябе больш абмяжоўваць”, – кажа студэнтка.

“Заробак застаецца ранейшы, а кошты ў крамах і кошты на жытло растуць. То бок, неадпаведна трохі. Стыпендыю павялічылі на 20 %, а плату за інтэрнат – утрая. Гэта проста смешна гучыць. Хутчэй за ўсё, пайду працаваць, у любым выпадку трэба ісці”, – кажа студэнт.

А яшчэ летась у верасні плата за любы інтэрнат была 15 700 руб.

belsat.eu

Стужка навінаў