Удальцоў: Думаю, мы даціснем Пуціна


Улады Расеі хочуць «адсекчы» радыкальную частку апазіцыі, а з астатнімі – дамовіцца, мяркуе каардынатар руху «Левый фронт» Сяргей Удальцоў.

Учора, 4 студзеня, ён выйшаў на свабоду, адседзеўшы за кратамі роўна месяц. Тэрмін арышту двойчы працягвалі. Удальцова затрымалі 4 снежня на мітынгу супраць фальсіфікацыяў на выбарах у Дзяржаўную думу і асудзілі на пяць дзён за непадпарадкаванне паліцыі. 10 снежня яму прысудзілі новы тэрмін – 15 дзён за тое, што яшчэ ў кастрычніку ён без дазволу пакінуў шпіталь пасля арышту. 25 снежня суд прызнаў лідара руху «Левый фронт» вінаватым у непадпарадкаванні паліцыі падчас пікету 24 кастрычніка каля будынку Цэнтрвыбаркаму і пакараў Удальцова чарговымі дзесяццю днямі.

Разам з ім на волю выйшаў эколаг, удзельнік руху «Среда обитания» Яраслаў Нікіценка, якога затрымалі падчас акцыі падтрымання палітзняволеных. Удальцоў кажа, што ўлады наўмысна пакідалі яго пад вартаю, каб паказаць іншым апазіцыянерам, як будуць паступаць з найбольш актыўнымі і радыкальнымі нязгоднымі.

У той жа час ён упэўнены, што за месяц сітуацыя ў Расеі моцна змянілася. Як патлумачыў апазіцыянер Рускай службе «Бі-бі-сі», пратэст саспяваў доўга і цяпер яго будзе не так лёгка патушыць, асабліва пасля стварэння Камітэту нацыянальнага ратавання на базе аргкамітэтаў ды ініцыятыўных групаў, якія стаялі за мітынгамі на Балотнай плошчы і праспекце Сахарава.

«Думаю, мы даціснем улады, каб яны выканалі нашыя абсалютна законныя патрабаванні або сышлі з палітычнай сцэны», – заявіў Удальцоў.

belsat.eu

Стужка навінаў