Волчак: Захаранка перамог бы Лукашэнку ўжо ў першым туры


4 студзеня былому міністру ўнутраных справаў Юрыю Захаранку споўнілася б 60.

Паводле былога следчага Алега Волчака, знікненне палітыка ў 1999-м было на руку Аляксандру Лукашэнку: «Ён [Захаранка] быў аўтарытэтным палітыкам, ну і, зразумела, за ім стаялі людзі ў пагонах». Паводле Волчака, былы міністр МУС перашкаджаў рэжыму сваёю непадкупнасцю і вернасцю закону. Нават калі ён пайшоў у апазіцыю, то працягваў карыстацца вялікім падтрыманнем сярод прадстаўнікоў сілавых структураў.

Дый сёння, са словаў Волчака, пра Захаранку сілавікі ведаюць больш, чым пра любога іншага міністра МУС. Нават 20-гадовыя міліцыянты ў курсе трагічных падзеяў, гаворыць былы следчы.

Алег Волчак перакананы, што праваахоўныя органы маюць дастаткова звестак пра тое, хто і як выкраў Захаранку, а таксама дзе ён пахаваны. Злачынства раскрыюць пасля таго, як зменіцца ўлада, як гэта адбылося са справаю зніклага журналіста Георгія Гангадзэ ва Украіне.

Паводле Волчака, генерал-маёр Захаранка не толькі карыстаўся аўтарытэтам, але і быў добрым аратарам. З такімі дадзенымі ён перамог бы Аляксандра Лукашэнку ўжо ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў.

«Захаранка нібы нешта прадчуваў», – узгадвае намесніца галоўнага рэдактара «Народнай волі» Святлана Калінкіна, якая сустрэла Захаранку на пахаванні Генадзя Карпенкі. Смерць Карпенкі, знікненне Захаранкі, а таксама ўцёкі за мяжу былой кіраўніцы Нацбанку Тамары Віннікавай звязаныя паміж сабою. «Ужо тады Лукашэнка імкнуўся не дапусціць аб’яднання апазіцыі вакол моцных асобаў, моцнай счэпкі апазіцыі з чыноўнікамі з ягонага атачэння».

Паводле журналісткі, апрача змены ўлады праліць святло на знікненне палітыкаў у Беларусі зможа толькі вайна паміж спецслужбамі. Святлана Калінкіна таксама звяртае ўвагу на харызму, прафесіяналізм і аўтарытэт Захаранкі. Менавіта такія асобы, падкрэслівае яна, ствараюць твар апазіцыі і не дазваляюць называць яе «зборышчам недарэкаў».

Юрый Захаранка займаў пасаду міністра ўнутраных справаў Беларусі з 1994 да 1996 г. У апалу трапіў пасля таго, як адмовіўся сілавымі метадамі разганяць Вярхоўны Савет. У 1998-м увайшоў у склад створанага апазіцыяй Нацыянальнага выканаўчага камітэту Беларусі. Сябра Нацыянальнага камітэту Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Знік 7 траўня 1999 г.

belsat.eu

Стужка навінаў