Прадстаўнікі НДА хочуць наладзіць дыялог з новым міністрам


Яны ініцыююць заканадаўчыя рэформы і прапаноўваюць стварыць грамадскую раду пры міністэрстве. Ці варта чакаць дыялогу з новым міністрам?
Алега Сліжэўскага прызначанылі на пасаду міністра крыху менш за месяц таму. За гэты час антыдэмакратычнасць установы праявілася ў адмове рэгістрацыі беларускай арганізацыі абароны правоў сексуальных меншасцяў. “Адмова Мінюста базуецца на фармальных прэтэнзіях. Эксперты цяпер разглядаюць мэтазгоднасць абскарджання адмовы ў рэгістрацыі ў Вярхоўным судзе. У хуткім часе мы зноў правядзем устаноўчы сход, на якім прымем выпраўленыя дакументы і падамо іх на разгляд Міністэрства юстыцыі паўторна”, – паведаміў Сяргей Андросенка, старшыня арганізацыйнага камітэту Менскага гей-прайду.
Сваю кар’еру новы міністр пачынаў у якасці судовага выканаўцы ў Горадні. Працаваў на пасадзе начальніка аддзелу палітычных партыяў і прафсаюзаў кіраўніцтва грамадскіх аб’яднанняў Міністэрства юстыцыі, быў старшынём працоўнага арбітражу. У 2007 г. – чальцом Цэнтральнай выбарчай камісіі ды па выніках незаконных дзеянняў трапіў у спіс чыноўнікаў, якім забаронены выезд у Еўрапейскі Звяз.
Сваім зваротам прадстаўнікі НДА хочуць наладзіць дыялог з уладамі. Аўтары ліста просяць скасаваць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў. Гэтая норма пярэчыць асновам Канстытуцыі РБ, аднак менавіта на яе спасылаюцца суддзі ды праваахоўныя органы пры пераследзе грамадскіх актывістаў. Акрамя таго, прадстаўнікі НДА ўздымаюць праблему грамадскага кантролю за турмамі.
Зварот падпісалі кіраўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, старшыня працоўнай групы Асамблеі недзяржаўных дэмакратычных арганізацыяў Сяргей Мацкевіч, кіраўніца Цэнтру правоў чалавека Раіса Міхайлоўская, дырэктарка Цэнтру прававой трансфармацыі Вольга Смалянка.
belsat.eu
Стужка навінаў