Злачыннасць на беларуска-польскай мяжы ўзрасла ўдвая


Беларусаў затрымліваюць за парушэнні пры атрыманні візаў, а таксама канфіскуюць незаконныя аўты.
Рэзка павялічылася колькасць беларусаў, якія перасякаюць мяжу з візамі, атрыманымі на падставе запрашэнняў, здабытых незаконным шляхам. Летась зафіксавалі 150 такіх выпадкаў. Часцей за ўсё гэта жыхары памежных тэрыторыяў. За такое запрашэнне трэба заплаціць $ 200–300.
Колькасць беларускіх парушальнікаў мытнага заканадаўства Польшчы расце, нягледзячы на ўзмацненне кантролю з боку польскіх мытных службаў. «Пачасціліся выпадкі канфіскацыі аўтамабіляў у грамадзянаў Беларусі за нелегальны правоз падакцызных тавараў. Напрыклад, на ўчастку мяжы ўздоўж Падляшскага ваяводства за 2011 год канфіскавалі 68 аўтамабіляў – на 30 больш, чымся за папярэдні год», – адзначыў генеральны консул Беларусі ў Беластоку Аляксандр Берабеня.
У Міністэрстве замежных справаў Беларусі адзначылі, што гэтыя факты правяраюцца, праваахоўныя органы перыядычна прыцягваюць да адказнасці асобаў, якія прадаюць нелегальныя запрашэнні. «Аднак грамадзяне, якія карыстаюцца такімі паслугамі, мусяць самыя разумець, на якую рызыку ідуць, – адзначаюць у Нацыянальным цэнтры маркетынгу і кан’юнктуры цэнаў МЗС. – Паводле польскага заканадаўства, за гэтае парушэнне прадугледжаныя не толькі штрафы, але і ўнясенне ў базу звестак асобаў, уезд якім забаронены на тэрыторыю ўсіх краінаў Шэнгенскага пагаднення, а таксама крымінальная адказнасць».
belsat.eu
Глядзі таксама
Каментары