Фядута: На былы рэйтынг 50 % Лукашэнку няма чаго спадзявацца


Рост рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі, на думку палітолага Аляксандра Фядуты, гэта – «электаральны шум». «Давяраюць на 5 % больш ці на 5 % менш – гэта мае значэнне ў дзень выбараў. Сёння відавочна, што грамадства (і гэта не толькі тыя, хто выходзіць на Плошчу, але і тыя, што сядзяць на кухнях) вельмі насцярожана ставіцца да таго, што адбываецца», – зазначае эксперт.

Электаральны рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі, які летась у верасні дасягнуў гістарычнага мінімуму – 20,5 %, у снежні вырас да 24,9 %. Такія звесткі прыводзіць зарэгістраваны ў Літве Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД).

Згодна з апытаннем, палепшылася эканамічнае самаадчуванне насельніцтва. Аднак 81,5 % апытаных мяркуе, што эканоміка краіны застаецца ў крызісе, а 59,8 % адзначылі пагаршэнне свайго эканамічнага стану. 56,8 % рэспандэнтаў заявілі, што крызіс толькі пачаўся і яго паглыбленне наперадзе. Сярод асноўных вінаватых ува ўсіх праблемах лідарам застаецца Аляксандр Лукашэнка (53,7 %). «Калі цягам года тры разы дэвальвуецца нацыянальная валюта – гэта ўжо занадта нават для беларуса, – гаворыць Аляксандр Фядута. – Грошы беларускія зрабіліся таннейшымі, і зарабляюць беларусы значна менш, чымся раней».

Аляксандр Фядута мяркуе, што бліжэй да вясны варта чакаць далейшага нязначнага росту рэйтынгу Лукашэнкі, у межах 3 %. Палітолаг звязвае гэта наўпрост з эканамічнаю сітуацый і змяншэннем сумы камунальных плацяжоў пасля сканчэння зімовага перыяду. Але на былыя 50 % даверу беларусаў дзейны кіраўнік дзяржавы можа не разлічваць. «У гэта ніхто не верыць, нават сам Аляксандр Рыгоравіч», – падкрэсліў Фядута.

belsat.eu

Стужка навінаў