Сапелка: Лёс Бяляцкага вырашаецца не ў дарадчым пакоі суда


https://youtu.be/BrhoTsBBlkA
Напрыканцы гэтага месяца Менскі гарадскі суд разгледзіць касацыйную скаргу на прысуд беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму. «Кажучы пра вынік справы Алеся Бяляцкага, трэба не забываць пра тое, што ён не прызнаў сваёй віны, і любому чалавеку цвярозага розуму было ясна, што ён асуджаны незаконна, – гаворыць Павал Сапелка, былы адвакат. – Якою будзе пастанова? Тут можна толькі здагадвацца, бо лёс Алеся будзе вырашацца дакладна не ў дарадчым пакоі Менскага гарадскога суда».

«У выпадку, калі зменяць пакаранне ў касацыйнай інстанцыі, то тое, якія будуць абмежаванні ў Алеся, будзе залежаць ад таго, які від пакарання будзе абраны. Або гэта будзе абмежаванне свабоды, або іншыя абмежаванні – у любым выпадку гэта лепш, чымся пазбаўленне волі, калі чалавек адбывае пакаранне ў калоніі», – дадаў Сапелка.

Тым часам у Беларусі зладжаны збор сродкаў для Алеся Бяляцкага, прызначаных на аплату штрафу, які наклаў на праваабаронцу суд. Сума, якую належыць выплаціць паводле рашэння суда, складае 757 526 717 руб. (каля $ 90 тыс.). 29 снежня на рахунку было ўжо больш за 600 млн руб. (больш як $ 70 тыс.). «Гэта акцыя салідарнасці, гэта дэманстрацыя адзінства ўсёй грамадзянскай супольнасці, прагрэсіўнай часткі насельніцтва, якая сведчыць пра тое, што яны ні на ёту не паверылі таму, што было сказана пра Алеся ў дзяржаўных медыях і ў выраку», – падкрэслівае Павал Сапелка.

Віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага 24 лістапада асудзілі на 4,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго прызналі вінаватым у хаванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Падставаю для крымінальнага пераследу Бяляцкага сталася інфармацыя пра ягоныя замежныя банкаўскія рахункі, перададзеная ў Менск чыноўнікамі Літвы і Польшчы. Грошы з гэтых рахункаў накіроўваліся на падтрыманне ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі ды на забеспячэнне ім юрыдычнай дапамогі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары