“Брудных” гарадоў у Беларусі няма?


Паводле Рэспубліканскага цэнтру радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя экалагічная сітуацыя ў гарадох Беларусі паляпшаецца альбо застаецца стабільная.

У тыя перыяды, калі практычна ва ўсіх прамысловых цэнтрах на тэрыторыі Беларусі назіраецца істотны рост узроўню забруджання паветра (ліпень–жнівень), выпала дастаткова вялікая колькасць ападкаў, што спрыяла захаванню нізкага ўзроўню забруджвання – паведамляюць у Цэнтры. Павышанае ўтрыманне ў паветры забруджвальных рэчываў назіралася толькі ў трэцяй дэкадзе сакавіка – красавіку і ў асобныя дні жніўня.

Паводле звестак нацыянальных назіранняў, у 2011 годзе істотна палепшылася экалагічная сітуацыя ў Віцебску, Гомлі, большасці кантраляваных гарадоў Берасцейскай вобласці ды раёнаў Менску, стабільная сітуацыя застаецца ў Горадні, прыкметна знізіўся ўзровень запыленасці паветра ў Жлобіне.

Летась у дзевяці гарадах краіны працавалі ў бесперапынным рэжыме 14 аўтаматычных станцыяў. Перавышэнні ўзроўню забруджання паветра зафіксаваныя ў паўночнай частцы Магілёва і Берасця, у раёне вуліцаў Ціміразева і Радыяльнай у Менску, у Горадні, Полацку, Наваполацку, Мазыры. Тым не менш, паводле Багданы Казярук, прадстаўніцы Цэнтру радыяцыйнага кантролю, можна сцвярджаць, што брудных гарадоў на тэрыторыі Беларусі няма, прычым ужо не першы год.

У традыцыйны спіс найбольш забруджаных адцінкаў рэк увайшлі: Свіслач ніжэй Менску, Уза ў раёне Гомля, Уша ніжэй Маладзечна, Заходняя Дзвіна ў раёне Наваполацку, Полацку і Верхнядзвінску, Ясельда ніжэй Бярозы, Прыпяць ніжэй Пінску, Заходні Буг каля Берасця і Мухавец каля Кобрыні.

belsat.eu

Стужка навінаў