Іран гуляе “ракетнымі цягліцамі” і пагражае перакрыць “нафтавую артэрыю”


Іран сцвярджае, што паспяхова правёў выпрабаванне яшчэ дзвюх ракетаў падчас вучэнняў у Персідскай затоцы.

Паводле афіцыйнага Тэгерану, адбыліся два паспяховыя запускі ракетаў высокай дальнасці. Маштабныя 10-дзённыя вайсковыя вучэнні адбываюцца на фоне ціску ЗША на Іран з прычыны канфлікту вакол ядравай праграмы Тэгерану. Іран папярэджвае, што ў выпадку працягу палітыкі эканамічных санкцыяў вайсковы флот закрые Армузскую пратоку, праз якую транспартуецца 40 % усёй сусветнай нафты, у тым ліку праз гэтую пратоку вязуць нафту ў ЗША. Іран ужо правёў сімуляцыю закрыцця пратокі.

Вашынгтон, у сваю чаргу, заяўляе, што вайсковы флот ЗША не дазволіць Ірану блакаваць пратокі.

Аналітыкі гавораць, што менавіта ў звязку з гэтым канфліктам і рэзкаю рыторыкаю Ірану падымаюцца кошты на нафту.

Тэгеран адкідвае абвінавачанні ў спробах стварыць ядравую зброю ды заяўляе, што ядравая праграма Ірану носіць выключна мірны характар. Тым часам Злучаныя Штаты і Ізраіль не выключаюць правядзення вайсковай акцыі, калі дыпламатычным шляхам не ўдасца вырашыць праблемы вакол ядравай праграмы Тэгерану.

belsat.eu

Стужка навінаў