Італьянцы хочуць заняцца беларускімі дарогамі


Распрацоўнікі абяцаюць разгрузіць сталіцу ад затораў і выкрасліць практыку “ямкавага” рамонту дарог.

Кампанія ИССЕ прапанавала Беларусі рэалізаваць серыю праектаў у сферы транспартнай інфраструктуры, а таксама іншых грамадска значных аб’ектаў на аснове прынцыпаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

Праект улучае ў сябе не толькі развіццё транспартнай інфраструктуры, але і ўвядзенне дадатковых паслуг для карыстальнікаў аўтамабільнымі дарогамі ды чыгункамі. Ідзецца пра страхаванне, удасканаленне руху грузаў, гнуткія тарыфы на платныя дарогі ды інш. Гэтыя паслугі дапамогуць пакрыць кошт будаўніцтва, тэхнічнага абслугоўвання і рамонту створаных інфраструктурных аб’ектаў.

Папярэдні аб’ём інвестыцыяў у праект складае $ 26 млрд. Гэта – наўпроставыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове, якія будуць паступаць у краіну ад замежных інвестараў падчас рэалізацыі праекту. “Але гэтая лічба тэарэтычна можа павялічыцца, – кажа тэхнічны дырэктар кампаніі Джанфранка Роcсі Фэлічэ (Gianfranco Rossi Felice). – Мы бачым, што праблемы Менску характэрныя і для іншых абласных цэнтраў. На праектаванне і будаўніцтва аб’ектаў транспартнай інфраструктуры спатрэбіцца каля 9 гадоў, жылых, грамадскіх, адміністрацыйных будынкаў, аб’ектаў сацыяльна-культурна-бытавога прызначэння і сістэмы інжынерных камунікацыяў – ад 10 да 20 гадоў, гэта будзе залежаць ад рынкавага попыту на гэтыя аб’екты”.

Акрамя таго, распрацоўнікі прапаноўваюць пабудаваць на поўдзень ад Менску чыгуначны аб’язны шлях. Дзякуючы гэтаму плынь грузу ў кірунку Масква–Калінінград і Масква–Берлін пойдзе ў абыход сталіцы. А тыя чыгуначныя лініі, якія цяпер праходзяць праз Менск, можна будзе выкарыстоўваць для арганізацыі гарадскіх і прыгарадных пасажырскіх чыгуначных перавозак.

Інвестыцыйны кансультант і аналітык Міхаіл Бараздзін лічыць, што праект можа мець поспех толькі тады, калі дзяржава вызваліць удзельнікаў будаўніцтва ад падаткаў на прыбытак і зямельнага падатку. “Падатковыя ільготы могуць прыспешыць працэс, калі аб’ект цалкам пяройдзе ва ўласнасць дзяржавы. Таксама тарыфы на паслугі, звязаныя з выкарыстаннем пабудаваных аб’ектаў, у гэтым выпадку будуць ніжэйшыя”, – адзначае эксперт.

Вядома, што Дзяржаўны камітэт навукі ды тэхналогіяў ухваліў італьянскую ідэю, якая цяпер праходзіць узгадненне з прадстаўнікамі зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў – дзеля выпрацоўвання ўзгодненай пазіцыі ў справе рэалізацыі праекту.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары