Датацыі на электрычнасць будуць скарачаць


Сёлета ўрад Беларусі плануе ўвесці для насельніцтва тарыфы на аплату электраэнергіі ў залежнасці ад аб’ёму спажывання.

Згодна з апошнімі падлікамі, на долю насельніцтва прыпадае каля 20 % ад усяго спажывання электраэнергіі ў краіне. Тарыф жа для насельніцтва пакрывае толькі каля 40 % сабекошту. Каб кампенсаваць рэшту, выкарыстоўваюць перакрыжаваныя субсідыі і ўскладаюць дадатковыя выдаткі на прамысловыя прадпрыемствы: яны плацяць за сябе і часткова – за жылы сектар.

Начальнік кіраўніцтва збыту энергіі “Белэнерга” Сяргей Шабека лічыць, што гэта робіць прадукцыю неканкурэнтаздольнаю. “Дзякуючы перакрыжаванаму субсідаванню, усе – і сем’і з нізкімі даходамі, і людзі з высокім узроўнем жыцця – атрымліваюць, фактычна, датацыі на электраэнергію. Гэта няправільна. Таму трэба рабіць захады, каб жылы сектар паступова выходзіў на аплату рэальнага кошту паслугаў. Але, натуральна, гэта мусіць адбывацца паралельна з ростам рэальных даходаў людзей. А сем’і, якім патрэбнае дзяржаўнае падтрыманне, маюць атрымліваць адрасную сацыяльную дапамогу”, – адзначае суразмоўца.

Урад разглядае розныя варыянты скарачэння датавання насельніцтва. Сярод іншага, павышэнне тарыфу і ўсталяванне дыферэнцыяванай аплаты ў залежнасці ад аб’ёмаў спажывання.

Дыферэнцыяваныя тарыфы можна ўвесці там, дзе ўсталяваныя электронныя лічыльнікі. У Беларусі яны ёсць толькі ў 9% кватэраў, бо цягам апошніх шасці-сямі гадоў імі забяспечвалі толькі новае жытло. Набыць лічыльнік можна і самому, ён каштуе каля 500 000 руб. Паводле падлікаў адмыслоўцаў, акупіцца прыбор праз два-тры гады.

Цяпер прапаноўваецца норма на спажыванне электраэнергіі – 107 кВт/г на чалавека. “Для сям’і з чатырох чалавек пераплата будзе нязначная, – мяркуе старшыня таварыства ўласнікаў “Васняцова-34” Галіна Шут. – Але калі чатыры чалавекі жывуць у кватэры, дзе прапісаны адзін жыхар (а такая сітуацыя ў большасці здымнага жытла), то камуналка вырасце ў некалькі разоў. Больш эфектыўна было б павысіць агульныя тарыфы, каб кожны чалавек мог самастойна кантраляваць спажыванне”.

belsat.eu

Стужка навінаў