Наста Лойка: Вінаградава ізалявалі, каб не пляскаў у ладкі


Актывісту кампаніі «Гавары праўду!» Паўлу Вінаградаву 2 студзеня прысудзілі сем дзён арышту.

Суддзя Маскоўскага раённага суда Менску Аляксандр Кострыкаў прызнаў былога палітзняволенага Паўла Вінаградава вінаватым ва ўчыненні адміністратыўнага правапарушэння на падставе арт. 17.1 КоАП Рэспублікі Беларусь, паведамляе сайт zapraudu.info.

Вінаградава выклікалі 30 снежня ў Маскоўскае РУУС Менску на 13:00 для «выхавальна-прафілактычнай гутаркі». Паводле актывіста, міліцыянеры паводзіліся так, нібыта не ведалі, што з ім рабіць. Пасля гутаркі яны заявілі, што ім трэба скласці пратакол (гэта робіцца пры допыце сведкі або падазронага). Нейкі час Павел Вінаградаў не выходзіў на сувязь. Затым актывіст паведаміў, што яго вінавацяць у нецэнзурнай лаянцы і хочуць пасадзіць пад арышт. Тры дні, у тым ліку навагоднюю ноч, ён правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вул. Акрэсціна.

Выкліканы сёння ў суд у якасці сведкі міліцыянер заявіў, што 30 снежня Павел Вінаградаў брыдка лаяўся проста каля будынку Маскоўскага РУУС па вул. Грушаўскай, 9. На падставе паказанняў міліцыянера і складзенага ім пратаколу суддзя Аляксандр Кострыкаў прыгаварыў Вінаградава да сямі дзён арышту. Паводле праваабаронцы Насты Лойкі, пратакол, як тое часта здараецца, складзены з памылкамі. Яна перакананая, што актывіста проста хацелі ізаляваць напярэдадні навагодняй акцыі, абвешчанай суполкаю «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку».

Тры дні Вінаградаў ужо адседзеў, таму ён правядзе за кратамі толькі чатыры. Як паведаміла жонка арыштаванага Святлана, на знак пратэсту супраць несправядлівага судовага рашэння Павел абвесціў галадоўку.

belsat.eu

Стужка навінаў