Жыхары Глыбокага не хочуць вуліцы Леніна


Глыбачане просяць перайменаваць цэнтральныя вуліцы гораду. З такою прапановаю яны звярнуліся да мясцовых уладаў.

У звароце на імя старшыні райвыканкаму Алега Морхата прагучала прапанова перайменаваць вуліцу Леніна ў Замкавую, вуліцу Маскоўскую – у Менскую або Докшыцкую, а вуліцу Савецкую назваць Беразвецкаю.

Напісаў зварот і арганізаваў збор подпісаў грамадскі актывіст Зміцер Лупач. “Больш як дваццаць гадоў мы жывем у незалежнай Беларусі, а назвы вуліцаў дагэтуль застаюцца савецкія. Такая сітуацыя нас не задавальняе”, – кажа ён.

Некалькі месяцаў таму з падобным зваротам да старшыні райвыканкаму звярнуўся глыбачанін Генадзь Плавінскі. Тады Алег Морхат адказаў, што падтрымлівае ідэю перайменавання вуліцы Леніна ў Замкавую, аднак лічыць гэта немагчымым з-за вялікіх выдаткаў на перайменаванне. Морхат палічыў немэтазгодным змяняць і назву плошчы 17-га верасня. На ягоную думку, большасць глыбачанаў пазітыўна ставіцца да назвы, бо яна нагадвае пра падзеі “ўз’яднання” БССР і Заходняй Беларусі.

Адносна новага звароту ў райвыканкаме заявілі, што яго разгледзяць, але на станоўчае рашэнне надзеі мала. “Перайменаванне вуліцаў – гэта дарагі ды няпросты працэс. Больш за тое, людзі прызвычаіліся жыць на вуліцах з сённяшнімі назвамі, таму можа быць шмат незадаволеных”, – кажа галоўны ідэолаг гораду Міхаіл Чарапкоўскі.

У 2010 г. кампанія “Гавары праўду!” ініцыявала перайменаванне менскай вуліцы Ульянаўскай у вуліцу Васіля Быкава. І хоць актывісты сабралі 110 000 подпісаў, менскія ўлады адмовілі ім. “Увекавечанне імёнаў людзей дапускаецца толькі ў выключных выпадках, – кажа намеснік старшыні Менскага гарвыканкаму Ігар Карпенка. – Улічваючы, што працэдура перайменавання стварае нязручнасці для жыхароў і арганізацыяў і патрабуе вялікіх фінансавых выдаткаў, адмысловая камісія палічыла немэтазгодным пераймяноўваць вуліцу Ульянаўскую ў вуліцу Быкава”.

Большасць гістарычных назваў вуліцаў у 1990-я гг. была вернутая ў Маладзечне. Колішняя Камуністычная вуліца стала Бэзаваю, Савецкая – Віленскаю, Дзяржынскага – Вольнаю, а галоўны праспект завецца Вялікім Гасцінцам, хоць за савецкім часам насіў імя Леніна. Тут вялікая заслуга вядомага дэмакрата – мэра гораду Генадзя Карпенкі. Ён быў першым кіраўніком Маладзечна пасля абвяшчэння Беларуссю незалежнасці, і пры ім горад пачаў інтэнсіўна развівацца.

belsat.eu

Стужка навінаў