Новы год па-канадску: масавае купанне ў сцюдзёнай вадзе


Нягледзячы на не зусім ідэальныя ўмовы плавання (а магчыма – наадварот, менавіта з-за гэтага) больш як 400 смельчакоў скокнулі ў возера Антарыё, што ў Таронта, каб адсвяткаваць Новы год.

Падзея прыцягнула і шмат гледачоў, якія віталі ды падбадзёрвалі “маржоў”. Традыцыя гэткім чынам адзначаць надыход Новага года ў Таронта з’явілася ў 2006 г. Але сёлетняя імпрэза вылучаецца не толькі рэкорднаю колькасцю ўдзельнікаў – сабраныя сродкі пойдуць на дабрачынныя мэты.

“Калі мы ладзілі гэта ўпершыню, нас усяго было каля 25 чалавек, – згадвае Іян МакЛаўд, адзін з арганізатараў імпрэзы. – Кожны год колькасць удзельнікаў падвойвалася. Сёлета гэта каля чатырох соцень, і мы спадзяемся сабраць 40 000–50 000 долараў для арганізацыі “Habitat for Humanity”.

Міжнародная хрысціянская арганізацыя “Habitat for Humanity” дапамагае сем’ям з нізкім узроўнем даходаў займець уласнае жытло – за ахвяраваныя грошы набываюцца будаўнічыя матэрыялы, а валанцёры займаюцца пабудоваю дамоў.

belsat.eu

Стужка навінаў