Траўматычнае святкаванне


У навагоднюю ноч праз выкарыстанне піратэхнічных вырабаў у Беларусі пацярпелі 15 чалавек.

Як паведамляе сайт Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, з траўмамі рознай ступені цяжкасці пацярпелыя шпіталяваныя ва ўстановы аховы здароўя. Сярод іх ёсць дзеці: хлопчык 2010 г. нараджэння, які пацярпеў у Берасці, і два школьнікі 2004 г. нараджэння – з Лоеўскага раёну Гомельскай вобласці ды Менску. У сталіцы дапамога медыкаў спатрэбілася яшчэ пяці дарослым.

Акрамя таго, мінулаю ноччу сталічныя ратавальнікі вынеслі з агню двух чалавек.

А 23.53 адбыўся пажар у кватэры дому, што размешчаны ў зав. Масквіна. Працаўнікі МНС выратавалі гаспадара кватэры і ягонага знаёмага, абодва нідзе не працуюць. Як мяркуецца, прычынаю пажару стала неасцярожнасць пры курэнні. Пажар ліквідаваны 1 студзеня а 0.07.

А паведамленне пра першы ў новым годзе пажар паступіла ў МНС а 00.15. У вёсцы Рахманькі Менскага раёна гарэў жылы дом. Ахвярамі агню сталі гаспадыня дому і жанчына, асоба якой высвятляецца. Меркаваная прычына пажару – таксама неасцярожнасць пры курэнні.

Паводле намесніка начальніка Менскага гарадскога ўпраўлення МНС Андрэя Гапоненкі, у навагоднюю ноч сітуацыя з надзвычайнымі здарэннямі такая ж, як і ў звычайныя дні. “Адзіная асаблівасць у тым, – удакладніў ён, – што паводзіны людзей у нецвярозым стане часта прыводзяць да парушэння правілаў пажарнай бяспекі. Гэта і выкарыстанне піратэхнічных вырабаў, і паленне ў ложку”.

belsat.eu
https://youtu.be/v3-HogckIOI

Глядзі таксама
Каментары