Лукашэнка: Мы не дапусцілі эканамічнага краху і не прагнуліся


Сёння не мае значэння, якім быў мінулы год, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў навагоднім звароце да беларускага народу.
«Важна, што ён быў. Ён – наша гісторыя перамогаў і няўдачаў, здзяйсненняў і расчараванняў. Яго не выправіць і не перарабіць, а вось ўрокі з падзеяў мінулага года ўспрыняць трэба», – мяркуе кіраўнік краіны.
«Мы не дапусцілі эканамічнага краху, беспрацоўя, згортвання сацыяльных праграмаў і разладу ў грамадстве, – заявіў ён. – Мы не прагнулася пад праблемамі, не далі ім асядлаць нас. Насуперак усім даказалі, што ёсць моцнай і згуртаванай сям’ёю, адзінаю і сапраўды вялікаю нацыяй. Мы можам і мусім гэтым ганарыцца. Хачу ад усяго сэрца падзякаваць усім вам за разуменне і падтрыманне, за стойкасць і аптымізм, і асабліва за ваш давер».
Лукашэнка традыцыйна выказаў падзяку розным катэгорыям грамадзянаў: сялянам – «за багаты ўраджай»; рабочых, інжынерам, будаўнікам, шахцёрам і кіраўнікам прадпрыемстваў – «за энергію і прадпрымальнасць»; настаўнікам, лекарам, навукоўцам, «усёй нашай інтэлігенцыі» – «за натхнёную і высакародную працу»; «людзям у пагонах» – «за мужнасць і пачуццё абавязку».
Беларускі кіраўнік адзначыў, што перад Новым годам ён пабываў «у сотняў дзетак, якім патрэбная дапамога дзяржавы». «Віншуючы іх ад маёй маленечкай сям’і з Новым годам, я спытаў у іх пра жаданні і ўзрадаваўся адказу: яны прасілі, каб у маім навагоднім звароце да беларускага народу знайшлося месца і будучыні нашай краіны. Я ім абяцаў і сваё абяцанне выконваю», – заявіў Лукашэнка.
«Сёння самы каштоўны рэсурс – час, – лічыць ён. – Калі спынімся ў развіцці, замарудзім тэмпы або страцім рытм, можам адстаць на гады. Да фінішу прыйдуць самыя стойкія, упартыя і цягавітыя, і беларусы проста абавязаныя быць сярод пераможцаў».
Зварот Лукашэнкі доўжыўся 6 хвілінаў 6 секундаў.
belsat.eu
Глядзі таксама
Каментары