Навагодні вечар з “Белсатам” – без папсы і савецкіх камедыяў


Калі вам надакучыла расейская папса і савецкія камедыі, запрашаем правесці навагодні вечар і ноч з тэлеканалам “Белсат”. Мы для вас падрыхтавалі шмат беларускай музыкі ды замежнае кіно.

Святочны вечар пачнецца а 18:05 музычным фільмам “Мы вольныя людзі”, у якім беларускі рок-гурт “N.R.M.” едзе ў невялікую вёску Бэскіды (Beskidy), што на польска-славацкім памежжы, дзе яшчэ жывыя карпацкія музычныя традыцыі . Беларусы разам з гуральскай капэлаю “Торка” рыхтуюць супольны выступ, на якім песні “N.R.M.” набываюць новую афарбоўку пры дапамозе традыцыйных гуральскіх інструментаў: фідля, басэтлі ды трамбітаў. Гэты выступ – спатканне свабодных і незалежных людзей, якіх лучыць музыка; двух розных стыляў, якімі музыкі выказваюць сваю вольнасць.

Пазней у эфіры – святочныя выданні праграмаў “Зона свабоды” і “На колах”.

А 20:05 – прэм’ера серыялу “Агнём і мячом”. Тэлевізійная чатырохсерыйная версія самага касавага польскага фільму паводле апошняй часткі знакамітае трылогіі Гэнрыка Сянкевіча. “Агнём і мячом” паказвае трагічныя старонкі гісторыі Рэчы Паспалітай у сярэдзіне XVII ст., найперш польска-ўкраінскі канфлікт. У гістарычную аснову ўплятаецца лінія кахання Яна Скшэтускага і Гэлены Курцэвіч. У фільме глядач знаёміцца з хітрым і поўным пачуцця гумару Янам Ануфрыем Заглобам ды з наіўным і добрым, як дзіця, ліцвінам Лонгінам Падбіпятою. Сярод герояў раману ёсць і рэальныя гістарычныя постаці тае эпохі: Багдан Хмяльніцкі ды Ярэма Вішнявецкі. Рэж. Ежы Гофман (Jerzy Hoffman), 2000 г., Польшча. У ролях: Ізабэля Скарупка (Izabella Scorupсo), Міхал Жэброўскі (Michał Żebrowski), Кшыштаф Кавалеўскі (Krzysztof Kowalewski), Збігнеў Замахоўскі (Zbigniew Zamachowski), Анджэй Сэвэрын (Andrzej Seweryn), Аляксандр Дамагараў, Багдан Ступка.

А 21:00 – традыцыйна “Аб’ектыў”, святочнае выданне.

А 21:25 – першая частка навагодняй музычнай казкі “Снежны завулак. Аднойчы ў Барахляндыі”. Гісторыя адбываецца ў замку караля Барахляндыі Барахлея XII. Кароль і ягоны дарадцы вельмі сумуюць: набліжаецца Новы год, але ніхто не ў стане знайсці грошы для арганізацыі святочнай забавы. Дзяржаўны скарб пусты, бо ўсе грошы пайшлі на дзесяткі іншых урачыстасцяў, у тым ліку на свята Вялікай бульбы. Аднак народ, як заўважае Барахлей XII, усё ж патрабуе святаў і рыхтуецца да Калядаў. Каб дагадзіць свайму люду, кароль вырашае ўзяць пазыку за мяжою…

А 21:35 – мастацкі фільм “Восень у Нью-Ёрку” з Рычардам Гірам і Ўайнонай Райдэр. Ўіл Кін, уладальнік моднага нью-ёркскага рэстарану, лавелас і майстар мімалётных інтрыжак, пасля знаёмства з Шарлот Філдынґ нечакана бянтэжыцца. Шарлот удвая маладзейшая за яго, яна прагне адчуць усю красу “дарослага жыцця”, і на гэта мае важкая прычыны. Ўіл дазваляе сабе завязаць адносіны з Шарлот, палічыўшы, што гэта будзе яшчэ адна кароткая сувязь, якая яго ні да чога не абавязвае. Аднак ягоныя ўяўленні пра жанчын будуць разбураны, бо сапраўднае каханне мяняе ўсё.

А 23:20 – “Рамантычны канцэрт”. Для вас заспяваюць “Крамбамбуля”, Руся і Ганна Хітрык.

Апоўначы вядоўцы “Белсату” павіншуюць з Новым годам.

А 00:05 – другая частка “Рамантычнага канцэрту”.

А 00:25 – вясёлы фільм “Кніга рэкордаў Шуткі” пра самую вялікую цыганскую вёску на Балканах. Прынамсі, гэтак сцвярджае мясцовы рыбак Колё. Ён суправаджае гледача па тутэйшых вуліцах, знаёмячы з мясцовымі чэмпіёнамі шуткаўскага ці ўсясветнага маштабу – няважна ў чым. Важна тое, што самі чэмпіёны вераць у сваю выключнасць. У Шутцы побач жывуць прадстаўнікі розных веравызнанняў, прыхільнікі розных відаў спорту і музычных стыляў. Злых духаў тут выганяюць агнём ці сілай волі, папулярныя песні складаюць за пятнаццаць хвілінаў, а мясцовая тэлевізія паказвае рэкламныя ролікі шуткаўскіх чэмпіёнаў. Бог любіць Шутку, бо яго тут шануюць больш як дзе. Шуткі вы не знойдзеце на мапе, Шутка – гэта стан свядомасці.

Другая частка навагодняй казкі “Снежны завулак. Аднойчы ў Барахляндыі” пачнецца а 01:45 і завершыць святочную праграму на тэлеканале “Белсат”.

Стужка навінаў