"Воля, рыхтуйся, што я адсюль ніколі не выйду"


На зняволеных палітыкаў аказваецца беспрэцэдэнтны ціск. Пра гэта заявілі іхныя жонкі на прэсавай канферэнцыі ў Менску.

Гэтак, жонка экс-кандыдата на прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірына Халіп заявіла пра адсутнасць інфармацыі пра стан здароўя мужа.

«Пасля змятага ліста, які дазволілі Саннікаву мне адправіць, не было ніякай інфармацыі ад яго. Але як толькі Саннікаў трапляе ў новую калонію (у інтэрнэце нават ходзіць жарт: «Хутка! Саннікаў у вашым горадзе!»), знаходзяцца людзі, сваякі зняволеных, якія могуць перадаць інфармацыю. Апошняе, што я ведаю, – Саннікаў неаднаразова пісаў заявы пра перавод яго ў атрад з памяшкання камернага тыпу. Але адміністрацыя калоніі трымае яго ў ПКТ. Больш за тое, яго ахоўваюць не мясцовыя супрацоўнікі калоніі, а нейкія адмысловыя прыезджыя. То бок нават звычайная сувязь са зняволенымі адсутнічае», – распавяла Халіп.

Марына Адамовіч, якая на мінулым тыдні афіцыйна ўступіла ў шлюб з былым кандыдатам на прэзідэнта Мікалаем Статкевічам, мяркуе, што яго рыхтуюць да пераводу ў крытую турму.

«Спачатку яго змясцілі ў штрафны ізалятар, потым, праз 40 хвілінаў пасля выхаду з СІЗА, яго змясцілі ў ПКТ. І штодня да яго прыходзілі і выпісвалі парушэнне – за тое, што ён там быў без біркі з нумарам зняволенага на вопратцы. А потым яму сказалі, што бірку можна было папрасіць у днявальнага. На падставе гэтага яго запісалі ў «злосныя парушальнікі», – распавяла жанчына.

Яна таксама паведаміла, што цягам двух тыдняў мае адбыцца суд у справе ўзмацнення жорсткасці пакарання Статкевічу. Марына Адамовіч адзначыла, што палітыка выводзяць на шпацыр толькі ў цёмны час, «каб яго ніхто не бачыў».

Жонка каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрыя Бандарэнкі, які на выбарах быў даверанай асобаю Саннікава, паведаміла, што таго трымаюць у рэжымным атрадзе.

«Мне сказалі, што такія атрады называюць у іхнай у калоніі «казлінымі», бо ўсе ў атрадзе супрацоўнічаюць з адміністрацыяй калоніі. І Дзіма мне паведаміў, што пры вялікай колькасці народу ён наогул ні з кім не кантактуе. Усё ідзе да таго, што Дзмітрыя перавядуць у штрафны ізалятар, бо ўжо былі правакацыі ў дачыненні яго, потым – у ПКТ, а потым – невядома куды», – заявіла Вольга Бандарэнка.

Паводле жанчыны, на нядаўнім спатканні муж паведаміў ёй, што на яго ідзе моцны ціск.

«Ён мне сказаў: «Воля, рыхтуйся да таго, што я адсюль ніколі не выйду. Ідуць такія правакацыі, што я проста скончу жыццё самагубствам, іншага выйсця ў мяне не будзе. Я проста не вытрымаю», – распавяла жонка палітыка.

belsat.eu

Стужка навінаў