На месцы піўзаводу ў Горадні з’явіцца забаўляльны цэнтр


Праектаваннем займаўся інстытут «Гораднясельбудпраект», аднак інвестара пакуль не знайшлі

У 1930-я гг. піваварным заводам валодаў Гарацы Гэлер. Гандлёвую марку піва «Horacy Heller» экспартавалі ў Заходнюю Еўропу. Але даўно стаіць пытанне з ліквідацыяй прадпрыемства ў самым цэнтры гораду – ля Драматычнага тэатру. Прамысловыя трубы ніяк не ўпісваюцца ў гістарычны цэнтр, таму быў распрацаваны інвестыцыйны праект, які прадугледжвае стварэнне на месцы заводу гасцінічна-забаўляльнага комплексу і музею піва.

Праект забаўляльнага цэнтру распрацавала выпускніца БНТУ Кацярына Пятрова. Яна вывучала гістарычнае мінулае прадпрыемства, яго піўныя брэнды. «У самім будынку на двух паверхах і ў сутарэнні прапаноўваю стварыць музей піваварства, выставачны цэнтр, медыятэку і студэнцкі тэатр, – кажа яна. – Піўную кавярню на 155 месцаў можна размясціць у склепе. Для яе абслугоўвання там жа прадугледжаныя міні-бровар, цэхі халодных і гарачых страваў. А на прылеглых тэрыторыях можна зрабіць парк з выхадам да інстытуту правазнаўства». Праект прадугледжвае таксама пляцоўку для скейтбардыстаў і падземную стаянку на 110 месцаў, якая разгрузіць цэнтр гораду ад нелегальных парковак.

Аўтарка плану мяркуе, што пасля прэзентацыі праекту і зацвярджэння яго ўладамі інвестар хутка знойдзецца. Насамрэч гэты праект прэзентаваўся некалькі гадоў таму ў межах «Гораднятурінвесту», дзе рэзідэнтам прапаноўвалася паніжаная падатковая стаўка – больш як на 70 %.

Галоўныя ўмовы для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у межах Свабоднай эканамічнай зоны «Гораднятурінвест» – скіраванасць на развіццё турыстычнай індустрыі ды інфраструктуры. «Дадаткова нашыя рэзідэнты цягам пяці гадоў вызваляюцца ад падаткаў на прыбытак, на нерухомасць, мясцовых падаткаў і збораў, выплаты мытных збораў і ПДВ пры ўвозе на мытную тэрыторыю РБ тавараў, абсталявання і камплектавальных», – кажа кіраўнік адміністрацыі гарадзенскай СЭЗ Сяргей Ткачэнка.

Сярод іншых турыстычных праектаў, якія прапаноўваюцца да рэалізацыі, – стварэнне культурна-рамеснага комплексу з конным дваром, кузняю, ганчарнаю майстэрняю, этнавёскаю ды іншымі аб’ектамі. У Сапоцкіне мяркуецца пабудаваць інфраструктуру для актыўнага адпачынку: парк атракцыёнаў, веласіпедныя, горналыжныя і санкавыя трасы, лядовую коўзанку, сноўборд-парк, тэнісныя корты і спартовы комплекс.

belsat.eu

Стужка навінаў