Што нам зоркі рыхтуюць?


Паводле астролагаў, Беларусь чакае чарговы неспакойны год.

Не найлепей складаюцца зоркі, планеты ды карты і для беларускага прэзідэнта. Як мяркуе віленскі астролаг Ігар Сухарукаў, на жыццёвым шляху прэзідэнта з’явяцца небяспечныя знакі.

«Як мінімум яны могуць не даць яму зрэалізаваць пэўнага маштабу, абмежаваць у нечым, а па максімуме – гэта можа быць смерць для яго. Можа быць і іншы сцэнар, бо гэта яшчэ і турма. Пачынаў у турме працаваць наглядчыкам, а можа і іншы бок турэмнага жыцця на сваёй скуры адчуць. Такі варыянт таксама магчымы», – кажа астролаг.

Беларускага прэзідэнта чакаюць цяжкасці і паводле аднаго з самых вядомых астролагаў – Паўла Глобы. Праўда, у ягонай версіі будучыні клопаты Лукашэнкі пачнуцца на некалькі гадоў пазней.

Наслухаўшыся прафесіянальных варажбітоў, «Белсат» запытаўся ў менчукоў, якім, на іхную думку, будзе наступны год цмока.

«Па-першае, цмок – ён такі характарны, думаю, у нас усё збудзецца. Спадзяюся, мы неяк вырулім, мы ж такія аптымісты – нас нічога не возьме», – кажа жанчына.

«Усё залежыць толькі ад беларусаў: калі беларусы будуць верыць у шчасце, значыць шчасце і будзе», – падзялілася рэцэптам чарговая рэспандэнтка.

«Ну, я не сказаў бы, што росквіт, але ж нейкія поспехі ў нас павінны быць, усё ж такі мы рухаемся наперад, а не назад», – кажа пажылы мужчына.

«Трэба проста верыць у пазітыў, і ўсё будзе добра насамрэч», – кажа ягоны сябар.

«Ды нічога асаблівага не будзе, толькі вось усе гэтыя варажбіты кажуць, што 2012 год – канец свету. Я ў гэта, вядома, не веру», – кажа пажылая жанчына.

«Калі пераходзіць на беларускую мову… то, вядома, трэба спадзявацца на добрае, вядома, гэта малаімаверна, але трэба спадзявацца, што не будзе ў нас дэвальвацыі больш, што мабыць мы пратрымаемся які-небудзь час. Але ж гэта не вельмі шчырыя надзеі», – кажа малады чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў