Міхаіл Залескі ў «Гарачым каментары»


“У нас няма крызісу”, – бясконца паўтараў Аляксандр Лукашэнка цягам года, як цудатворную мантру. Тым часам краіна перажыла спачатку дзве дэвальвацыі, а пасля сутыкнулася з гіперінфляцыяй. Урад аптымістычна рапартуе, што эканоміка трымаецца нармальна. Аднак дакладных прагнозаў рабіць не рызыкуе.

Працяглая імітацыя эканамічнай палітыкі, якую ажыццяўлялі ўрад і Нацбанк Беларусі, прывяла да сумных наступстваў: інфляцыя на 21 снежня склала 107,5 %, дэвальвацыя – 379,3 %. Амаль 60 арганізацыяў у Беларусі плацяць заробак, ніжэйшы за мінімальны. У новы год мы ўступаем не толькі з новымі надзеямі, але і са старымі пазыкамі. І хоць напрыканцы года фінансавы рынак нібыта стабілізаваўся, а краіна навучылася жыць паводле сродкаў, пэўнасці ў “заўтрашнім дні” няма.

Паводле эканаміста, беларусы перажылі сапраўдны эканамічны шок у 2011 г.

“Бо было ж столькі абяцанняў: і заробак на 500 долараў, і 1000 долараў, і што ўсё будзе добра, і што ўсё будзе добра, як ніколі. Ажно раптам гэта ўсё кудысьці знікла, і толькі цэннікі сталі падобныя да нумароў тэлефонаў. Дна мы яшчэ не дасягнулі – як я прагназаваў тры гады таму, эканамічнае дно мы намацаем у другой палове 2012 г. Пакуль што ўсё так, як ідзе. І я вельмі спадзяюся, што так станецца, бо тады будзе ад чаго адштурхнуцца”, – кажа спадар Залескі.

Паводле адмыслоўца, беларусы выпрацавалі імунітэт да кожнага сюрпрызу з боку ўладаў. Кіраўніцтва ж Беларусі (прынамсі, на словах) поўніцца аптымізмам – але ці ёсць на гэта падставы?

“Мы на гэтым аптымізме заехалі так далёка, што выбірацца будзем з розных запазычанасцяў, як з цёмнага лесу. Але гэта дало людзям пэўную перадышку, бо калі б яшчэ прыгняталі ўсялякімі адмоўнымі навінамі кіраўнікі дзяржавы, то ўжо б паразбягалася палова”, – кажа эканаміст.

belsat.eu

Стужка навінаў