У беларускіх школьнікаў «кульгаюць» хімія, фізіка і біялогія


Пра гэта дырэктар Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў Мікалай Фяськоў паведаміў на калегіі Міністэрства адукацыі.

Дэталёвы аналіз вынікаў цэнтралізаванага тэставання паказвае, што ў школьнікаў па асобных прадметах – біялогіі, хіміі, геаграфіі, фізіцы – вельмі нізкія балы. “Як толькі задача патрабуе разлікаў з улікам эксперыментаў, абавязкова ідуць няправільныя адказы”, – падкрэсліў Фяськоў. Гэта сведчыць пра тое, што эксперыментальная база ў школах не адпавядае сучасным патрабаванням.

Рэпетытар фізікі і былы выкладчык сярэдняй школы Антон Клімовіч пацвердзіў у інтэрв’ю “Белсату”, што доследы ў школах рабіць практычна перасталі, лабараторныя работы праводзяцца тэарэтычна. “Няма ніякай тэхнічная базы. Абсталяванне не абнаўлялася апошнія дваццаць гадоў! – абураецца выкладчык і дадае: – Таму дзеці завучваюць тэарэмы на памяць, не разважаюць, не аналізуюць, а спрабуюць зрабіцца машынаю, што дасць правільны адказ на пытанне. Як вынік, па фізіцы некалькі гадоў запар найменшыя балы на тэставанні, а менавіта 15–20 балаў са 100 магчымых”.

Сёлетнія вынікі цэнтралізаванага тэставання для шэрагу выкладчыкаў сталіся шокам. Гэтак тэставанне па фізіцы паказала: 73 % абітурыентаў атрымалі менш за 20 балаў, а веды па матэматыцы ў 62,5 % абітурыентаў на ўзроўні менш як 20 балаў.

belsat.eu

Стужка навінаў