Чавэс: Рак у лідараў Лацінскай Амерыкі выклікаюць ЗША


https://youtu.be/H7WQ6-rYJ0M

Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавэс падазрае Злучаныя Штаты ў стварэнні сакрэтнай тэхналогіі, якая дазваляе выклікаць ракавыя хваробы ў непажаданых лідараў лацінаамерыканскіх краінаў. Днямі стала вядома, што ў кіраўніцы Аргентыны Крыстыны Фэрнандэс дэ Кіршнэр знайшлі пухліну шчытападобнай залозы. Уга Чавэс, у якога таксама быў рак, патэлефанаваў ёй першым. На наступны дзень ён выказаў сваё меркаванне адносна ўплыву ЗША на стан здароўя палітычных апанентаў.
Рак знайшлі і ў парагвайскага лідара Фэрнанда Люгі, прэзідэнта Бразіліі Дыўмы Русэф, а таксама яе папярэдніка на гэтай пасадзе Луіса Інасью Лула да Сіўвы. Паводле Чавэса, гэта «вельмі дзіўныя» супадзенні, пры гэтым ён адзначыў, што гэта не «паспешлівыя абвінавачванні», а проста думкі ўслых. Прэзідэнт Венесуэлы дадаў, што згаданыя выпадкі «цяжка растлумачыць простым законам імавернасці».
«Калі б яны распрацавалі тэхналогію стымулявання ракавых захворванняў, і ніхто пра гэта не ведаў, гэта выглядала б дзіўна?» – з такім пытаннем Чавэс звярнуўся да вайскоўцаў ваеннай базы ў сваёй прамове, якую паказалі па тэлебачанні.
Прэзідэнт Венесуэлы адзначыў, што ў 1940-х гг. навукоўцы амерыканскага ўраду заражалі палонных гватэмальцаў сіфілісам ды іншымі хваробамі, а свет даведаўся пра гэта толькі летась. Ён яшчэ і пажартаваў, што цяпер прэзідэнтам Балівіі ды Эквадору – Эва Маралесу і Рафаэлю Карэа – трэба быць асабліва асцярожнымі.
belsat.eu
Глядзі таксама
Каментары