Апытанне: На адну мандарынку толькі і хапіла....


Журналісты «Белсату» распыталі жыхароў сталіцы, ці палепшылася іхнае жыццё пасля кадравых перастановак у кіраўніцтве краіны, у тым ліку пасля прыходу новай старшыні Нацбанку Надзеі Ермаковай.
Паводле аднаго з удзельнікаў апытання, змены ў кіраўніцтве на ягоную матэрыяльную сітуацыю паўплывалі вельмі кепска: «У мяне пенсія паменшылася практычна ў 1,5 разу».
Іншая рэспандэнтка, якая спачатку сказала, што кадравыя перастаноўкі ніяк не ўплываюць на дабрабыт, развіла тэму: «Па-мойму, у лепшы [бок] мяняецца. Дачка атрымала кватэру добрую – адна, другая. Гэта звязана [з тым], што неяк нешта такое памянялася. Я не ведаю, дзе што памянялася, але нешта памянялася».
«Я да гэтага абсалютна абыякавы», – адрэзаў наступны апытаны.
Маладая жанчына з заробкам Br 1,5 млн паскардзілася, што жыць цяпер горш і яна не можа сабе дазволіць «таго, што магла раней».
«Я ў гэтай справе не разбіраюся і не магу вам асабіста нічога добрага сказаць», – заявіў наступны мінак.
Іншая суразмоўца не адчула эфекту ад новых прызначэнняў у кіраўніцтве краіны: «І ўвогуле я лічу, што ад перамены месцаў складнікаў нічога не зменіцца. Увогуле, я скептычна да ўсяго гэтага стаўлюся».
«Хто яго ведае…» – пачала адна з дзвюх сябровак-пенсіянерак. «Ну, дзякуй ураду, – падхапіла другая. – Усё ж такі дапамагае, вось раз далі мне дапамогу 500 тысячаў».
«Зрабілася горш, – упэўнены малады мужчына. – Заробку няма […] Грошы пайшлі невядома куды, і вось так мы ўсе сустракаем Новы год. На адну мандарынку толькі і хапіла». «Я далучаюся да ягонага меркавання», – падтрымаў яго старэйшы спадарожнік.
Яшчэ адзін малады чалавек запэўніў нас, што жыць цяпер горш і зменаў да лепшага чакаць не варта. А каб пераканацца ў гэтым, параіў схадзіць у краму.
Затое наступны апытаны паведаміў, што ў крамах усё ёсць, і блату нідзе не трэба – толькі грошы. «А грошы ёсць?» – пацікавіліся журналісты. «Вядома, працую», – коратка адказаў той.
«Трэба каб больш плацілі, – не згаджаецца апошні суразмоўца. – Цяпер усё ў краме дорага».
belsat.eu
Стужка навінаў