Сяргей Вазняк у «Гарачым каментары»


Сотні тысячаў чалавек – вайскоўцы і цывільныя – ахопленыя супольным горам, нават зямля і рэкі змярцвелі ад смутку. Паўночная Карэя праводзіла ў апошні шлях “дарагога правадыра” Кім Чэн Іра. Адзінаццаць дзён краіна развітвалася з лідарам, каб ужо заўтра ранкам на цэнтральнай плошчы Пхеньяну прынесці клятву вернасці новаму кіраўніку рэспублікі ды прадаўжальніку дынастыі – Кім Чэн Уну.

Намесніку старшыні партыі “Справядлівы свет” і галоўнаму рэдактару газеты “Товарищ” Сяргею Вазняку знаёмыя кадры, якія сёння паказвае тэлебачанне: яму давялося наведаць Паўночную Карэю ў ліпені 1994 г., калі памёр Кім Ір Сэн. Ён мяркуе, што істэрычны плач 20-мільённай краіны па памерлым кіраўніку – “абсалютна шчыры”. Праз ізаляванасць дзяржавы яе жыхары ўпэўненыя, што ўзровень жыцця ў іх высокі. Сітуацыя даведзеная да абсурду: адзіны тэлевізійны канал яшчэ ў 1994 г. пачынаў працу а 14-й гімнам пра вялікага Кім Ір Сэна, а заканчваў а 22-й – гімнам пра вялікага Кім Чэн Іра.

Вазняк кажа, што не стаў бы кпіць з карэйцаў, для якіх клан Кімаў замяніў бога. Хутчэй, ім трэба паспачуваць: яны не маюць выбару і альтэрнатыўнай інфармацыі. Паводле суразмоўцы, Аляксандр Лукашэнка ў глыбіні душы марыў пабудаваць такі самы рэжым у Беларусі, але зрабіць гэта яму перашкодзіць геапалітычнае становішча нашай краіны.

belsat.eu

Стужка навінаў