Зенітны комплекс «Тор-М2Э» паступіў на ўзбраенне беларускага войска


“Тор” распрацаваны канцэрнам “Алмаз-Антей”, выраблены на Іжэўскім электрамеханічным заводзе “Купал”. Батарэя ў складзе чатырох баявых машынаў здольная адначасова адбіць 16 цэляў, якія ляцяць з любых кірункаў з хуткасцю да 700 м/с на далёкасці да 12 км і вышыні да 10 км пры любым надвор’і ўдзень і ўначы.

Як заявіў на цырымоніі намеснік міністра абароны ва ўзбраенні генерал-маёр Іван Дырман, са з’яўленнем у беларускага войска новых комплексаў пашыраюцца баявыя магчымасці ВПС і войскаў СПА ў супрацьпаветранай абароне. Гэта, паводле яго, ёсць значным унёскам у павышэнне баявой гатоўнасці беларускай арміі ды рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі ды Расеі.

Пасля цырымоніі Дырман у гутарцы з журналістамі паведаміў, што другая батарэя зенітных ракетных комплексаў “Тор-М2Э” будзе экспартаваная ў Беларусь у 2012 г. Кантракт з канцэрнам “Рособоронэкспорт” быў падпісаны 26 снежня. Агулам, паводле Дырмана, згодна з планаваным станам Узброеных сілаў 2020 г., на ўзбраенні беларускай арміі мусіць быць як мінімум 10 батарэяў комплексаў “Тор”.

Пасля таго як баявыя машыны і машыны забеспячэння былі перададзеныя канкрэтным вайскоўцам, тэхніку і асабовы склад брыгады асвяціў мясцовы святар.

belsat.eu

Стужка навінаў