На Гарадзеншчыне з’явіўся альтэрнатыўны Дзед Мароз


Праўда, ад савецкага ён адрозніваецца толькі назваю – Зімнік Налібоцкі.
Свайго Дзеда Мароза прыдумалі ў вёсцы Залейкі ў Іўеўскім раёне на Гарадзеншчыне. «Дзеду Марозу я даводжуся старэйшым братам. Гэтая легенда ідзе з даўніны вякоў. І мы некалі ў Налібоцкай пушчы жылі з маёю бабаю Завірухаю, а ўжо пасля з’явіўся гэты сучасны Дзед Мароз», – распавёў «Белсату» Яўген Дабраловіч.
Залейкаўскі Дзед Мароз атрымаў сваё імя ад слова зімна – халодна. Жыве ён у Налібоцкай пушчы з бабаю Завірухаю, унучкаю Бабы Ягі, ужо 647 гадоў. Дзяцей водзяць па казачным лесе са знаёмымі для вучня любой савецкай школы персанажамі кшталту Бабы Ягі і Лесавіка. Усе размаўляюць па-расейску. Заканчваецца экскурсія самадзейным спектаклем пад адкрытым небам «Навагоднія прыгоды ў Зімніка і бабы Завірухі».
Зімнік заняўся святочным бізнесам некалькі дзён таму і ўжо набыў папулярнасць: у першы дзень школьных канікулаў да яго прыехалі шэсць групаў малых наведнікаў. Пакуль галоўным чыннікам застаецца геаграфічная блізкасць: да альтэрнатыўнага Дзеда Мароза дзяцей вязуць з Іўеўскага і Наваградскага раёнаў, а таксама з Ліды.
belsat.eu

Стужка навінаў