Уладзімір Мацкевіч: Надзеі на хуткае вызваленне палітвязняў беспадстаўныя


«На чым грунтуюцца меркаванні, што палітвязні хутка выйдуць на волю? Ні на чым. На фантазіях і спадзяваннях, яшчэ на спадзяваннях на тое, што Захад нешта зробіць. А што мы можам зрабіць, каб яны выйшлі раней? У нас нават няма адноснай салідарнасці ў дзеяннях», – разважае палітолаг Уладзімір Мацкевіч.

«Шмат якія крыкуны крычалі на пачатку года, што, маўляў, увогуле нічога немагчыма рабіць, пакуль у краіне ёсць палітвязні. Мінуў год. І шмат хто з гэтых крыкуноў ужо збіраецца на парламенцкія выбары, нават калі гэтыя людзі як сядзелі, так і будуць сядзець», – працягвае Мацкевіч. Ён крытыкуе беларускую апазіцыю і грамадства за бяздзейнасць: «Я ўжо стаміўся даваць каментары пра палітвязняў, бо ўсё было сказана на пачатку года. Можа, настаў час ад меркаванняў і выказванняў брацца за розум?»

Цяпер за кратамі з палітычных матываў утрымліваюцца кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, асуджаныя ў межах справы 19 снежня экс-кандыдаты на прэзідэнта Мікола Статкевіч ды Андрэй Саннікаў, а таксама Зміцер Бандарэнка і Эдуард Лобаў. За кратамі апынуліся Зміцер Дашкевіч і Павал Севярынец. Паводле «справы анархістаў» адбываюць пакаранне Мікалай Дзядок, Аляксандр Францкевіч ды Ігар Аліневіч. За напад на бабруйскае КДБ – Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Павал Сырамалотаў. У Івацэвічах у зняволенні трымаюць прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, якога вінавацілі ў рыхтаванні забойства чыноўніка, а ў выніку асудзілі нібыта за захоўванне пяці патронаў. Некаторыя з гэтых людзей, на думку палітолага, апынуліся за кратамі выключна з-за асабістага стаўлення да іх Аляксандра Лукашэнкі. «Саннікаў, Бандарэнка, Севярынец – на іх Лукашэнка мае зуб, і гэта асабіста», – мяркуе Мацкевіч.

«Для ўладаў трэба не толькі, каб хтосьці сядзеў, і праз гэта трымаць атмасферу страху ў грамадстве, трэба яшчэ запалохаць і падавіць салідарнасць з палітвязнямі, дапамогу пацярпелым. Таму з Бяляцкім удар нанесены не толькі на палітычную частку, але і на частку, якая забяспечвала салідарнасць з гэтымі палітычнымі вязнямі. Трэба сказаць, што аперацыя спецслужбаў з Бяляцкім праведзеная спецслужбамі цынічна, тэхнічна і паспяхова», – гаворыць палітолаг. Алеся Бяляцкага асудзілі за ўтойванне прыбыткаў. Асноваю для абвінавачвання сталіся звесткі з замежных рахункаў праваабаронцы, атрыманыя беларускімі праваахоўнікамі ад уладаў Польшчы і Літвы. На гэтых рахунках збіраліся сродкі на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў