Паўночная Карэя: працягваецца агульная жалоба


Тысячы жыхароў Паўночнай Карэі сабраліся на вуліцах Пхеньяну, каб правесці ў апошні шлях памерлага кіраўніка дзяржавы Кім Чэн Іра.

На чале жалобнай працэсіі едзе чорны катафалк з вялікім партрэтам памерлага, за ім – яшчэ дзясяткі дарагіх чорных аўтаў, а таксама вайсковыя машыны. Нягледзячы на халоднае надвор’е і снегапад, на праспектах у чаканні картэжу стаяць тысячы чалавек, шматлікія з іх плачуць, у тым ліку і вайскоўцы. «Снег падае бясконца, як нашыя слёзы. Як небу не плакаць, калі мы страцілі нашага генерала, які быў вялікім чалавекам, пасланым нам небам? Мы ўсе раздзяляем гэтае гора: людзі, неба і горы – усе плачуць», – заявіў адзін з іх журналістам Дзяржаўнага тэлебачання Паўночнай Карэі.

Побач з катафалкам пешшу ідуць пераемнік кіраўніка краіны Кім Чэн Ун і некалькі генералаў. Іншых сыноў Кім Чэн Іра паўночнакарэйскае тэлебачанне не паказвае. Наступны год мусіць зрабіцца, паводле афіцыйнае прапаганды, пачаткам эры «моцнай і квітнеючай краіны», аднак эксперты звяртаюць увагу на малады ўзрост новага кіраўніка дзяржавы (ён маладзейшы за 30 гадоў) ды ягоную недасведчанасць у палітыцы. Магчыма, яму давядзецца раздзяліць уладу з некалькімі ўплывовымі вайскоўцамі.

Не выключана, што цырымонія развітання з Кім Чэн Ірам працягнецца яшчэ каля двух дзён.

belsat.eu

Стужка навінаў