Да Саннікава не даходзяць лісты ад жонкі


https://youtu.be/op-1f3x9M_M
https://youtu.be/uZrjvcaXNkM
Як распавяла жонка зняволенага палітыка Ірына Халіп, 27 снежня яна атрымала кароткі ліст ад Саннікава з калоніі «Віцьба-3». Ён паведамляе, што атрымаў перадачу і коратка адзначае: «Я спрабую табе і іншым паведаміць пра тое, што са мной адбываецца, але лісты не праходзяць. Мабыць, пошта наогул перастала працаваць».

Як мяркуе Ірына Халіп, ейны муж атрымаў запіску, якую яна напісала пры прыёме перадачы ў калоніі. «Я пісала яе з выразамі, якія мы ў звычайным жыцці з Андрэем не выкарыстоўваем. Ён у лісце адказвае тымі ж фразамі. Значыць, і перадачу, і запіску ён атрымаў. Таксама ён адзначыў, што яму ўвесь час падаюць акты пра знішчэнне маіх лістоў, якія не праходзяць цэнзуру», – сказала жонка палітыка.

Пры гэтым яна адзначыла, што канверт з лістом ад Саннікава «прыйшоў настолькі пакамечаны, як быццам яго доўгі час насілі ў кішэні».

Акрамя таго, Халіп паведаміла, што адвакат Марына Кавалеўская, якая ўжо амаль два месяцы не можа сустрэцца з Саннікавым, атрымала адказ на сваю скаргу з Магілёўскай абласной пракуратуры. У адказе гаворыцца, што адваката не дапусцілі ў магілёўскую турму, дзе Саннікаў быў у перасылцы, зусім не таму, што ён транзітны перасыльны, а таму, што ад яго нібыта не было заявы на сустрэчу з адвакатам.

«Гэта абсалютная лухта, бо яшчэ пасля першага этапу, калі яго перавозілі з Наваполацку, была дамоўленасць, што перш за ўсё ў выпадку яшчэ аднаго этапу ён піша заяву на спатканне з адвакатам у кожнай турме або калоніі, у якой ён апынецца», – заявіла Халіп.

Паводле яе, цяпер адвакаты рыхтуюць заяву ў суд у дачыненні адміністрацыі калоніі «Віцьба-3», якая не дазваляе ім сустрэцца з падабаронным. «Ім ужо абрыдлі перапіскі з адміністрацыяй калоніі ды Дэпартаментам выканання пакаранняў. Яны будуць дамагацца спаткання праз суд», – паведаміла Халіп.

Нагадаем, Андрэя Саннікава асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за арганізацыю масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 г. Праваабаронцы і міжнародная супольнасць прызнаюць Саннікава палітычным вязнем. Адбываць пакаранне палітык мусіў у папраўчай калоніі Наваполацку (Віцебская вобласць), куды прыбыў у канцы ліпеня, аднак пасля гэтага яго неаднаразова этапавалі ў розныя ўстановы.

На прэс-канферэнцыі 23 снежня Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў заявіў: памілаванне Саннікава ды іншых асуджаных у межах справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 г. магчымае толькі пасля таго, як яны звернуцца да яго з такою просьбаю. «Магу памілаваць таго, які да мяне звярнуўся за памілаваннем. Не звернуцца, будуць сядзець у турме», – падкрэсліў Лукашэнка.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары