Дзякуй крызісу: Міністэрства турызму палепшыла статыстыку


У выніку цяжкой сітуацыі на валютным рынку вырас попыт на турыстычныя маршруты ўнутры Беларусі.

Пра гэта паведаміў дырэктар дэпартаменту турызму Міністэрства спорту і турызму Вадзім Кармазін 27 снежня на прэс-канферэнцыі ў Менску.

З-за таго, што праз падзенне курсу рубля адпачынак у Беларусі для замежнікаў значна патаннеў, сёлета турыстычныя фірмы Беларусі працавалі пераважна над экспартам паслуг, аб’ём якога, паводле звестак дэпартаменту турызму, ужо склаў $ 150 млн. “Калі летась турфірмы Беларусі прынялі каля 120 тысячаў арганізаваных турыстаў, то сёлета мы плануем выйсці на лічбу 135–137 тысячаў чалавек”, – паведаміў Кармазін.

У прыватнасці, сказаў чыноўнік, вырос попыт на беларускія санаторыі – за 10 сёлетніх месяцаў у іх адпачылі 147 тысячаў замежных грамадзянаў, што на 11 тысячаў больш, чым летась. Колькасць аграсядзібаў за год вырасла болей як на 30 %: з 1275 да 1700.

Каб прыцягнуць турыстаў (большасць з якіх – расейцы), на навагоднія святы арганізуюць забавы. Летась у Валожынскім раёне былі гонкі на сабачых запрэжках. На пачатку наступнага года, 14–15 студзеня, іх паўтораць, але ўжо ў Лагойскім раёне і з большым размахам. 1 і 7 студзеня Цэнтр алімпійскага рэзерву рыхтуе святочную праграму па конным спорце ў Ратамцы.

Яшчэ адзін спосаб зацікавіць замежнкіаў – паказаць народныя звычаі. 6 студзеня ў Лепельскім раёне пройдзе Жаніцьба Цярэшкі. 15 студзеня ў Копыльскім раёне прадэманструюць абрад Калядныя цары, занесены ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны UNESCO.

belsat.eu

Стужка навінаў