Змітровіч: прадпрымальніка звялі да ўзроўню прадаўца


Так ахарактарызаваў стан беларускага прадпрымальніцтва старшыня Каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў краіны Анатоль Змітровіч.

Паводле яго, у 2011 годзе праграма развіцця Нацыянальнай платформы бізнесу прадугледжвала вяртанне наёмных асобаў з ліку несваякоў. Аднак гэтую прапанову “адфутбольвалі з Адміністрацыі прэзідэнта ва ўрад, з ураду ў адміністрацыю”. “Дзесяць бізнес-саюзаў склалі аналітычную запіску і прапановы прэзідэнту пра тое, каб вярнулі наёмную працу для прадпрымальнікаў. Ужо пяць гадоў не могуць прадпрымальнікі нават выехаць і рэалізаваць беларускі тавар, бо няма на каго пакінуць сваё гандлёвае месца”, – сказаў Змітровіч.

Ён мяркуе, што паспяховаму развіццю беларускага бізнесу магла б спрыяць наступная схема тавараабароту: рэалізаваць тавар у Беларусі, за беларускія рублі набыць айчынныя вырабы, каб потым прадаць іх за мяжою ды на замежную валюту купляць тавары для Беларусі. “Была б вельмі добрая схема, мы яе прапаноўвалі, але не атрымліваецца. Прадпрымальніка звялі да ўзроўню прадаўца, гэта проста эканамічны генацыд. Ягоныя фізічныя сілы знаходзяцца на мяжы магчымасцяў”, – падкрэсліў Змітровіч.

У сваю чаргу старшыня Менскага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін паведаміў, што план рэалізацыі дырэктывы прэзідэнта № 4 “Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь” выкананыя прыкладна на 40 %.

“Разгарнулася барацьба супраць тых, хто хацеў хуценька зрабіць справаздачу аб выкананні 26 пунктаў дырэктывы. Давялося напісаць ліст прэм’ер-міністру, які падпісалі ўсе лідары бізнес-асацыяцыяў, правесці перамовы. На паседжанні ўраду прагучала вельмі рэзкая справаздача з крытыкаю тых структураў, якія не выканалі дырэктывы”, – зазначыў Карагін.

belsat.eu

Стужка навінаў