Замену вокнаў і сетак аплацяць жыхары


Такая прапанова менскіх камунальнікаў праходзіць узгадненне.

Налета бюджэтныя выдаткі плануюць скараціць, а долю фінансавага ўдзелу насельніцтва ў капітальных рамонтах дамоў – павялічыць. У прыватнасці, за сродкі жыхароў цяпер будуць замяняць сантэхнічныя сеткі ўнутры кватэры. Падлічылі, што для малагабарытнай кватэры з пральнаю машынаю такая замена абыходзіцца ў Br 400 тыс.

“Гэтая захада дазволіць зэканоміць каля 12 % ад агульнага аб’ёму выдаткаў на капрамонт, – кажа дырэктар прадпрыемства “Менская гарадская жыллёвая гаспадарка” Уладзімір Рэянтовіч. – За ўласныя грошы жыхары таксама будуць аднаўляць шпалеры пасля замены вокнаў, раней гэтыя працы выконваліся за кошт фонду на капітальны рамонт”.

Пры гэтым штомесячныя адлічэнні за капітальны рамонт не зменшацца. Незалежныя эксперты называюць немэтазгодным папярэднюю аплату капітальнага рамонту. “Пры такім падыходзе жыхары даюць грошы на аднаўленне суседніх дамоў, а свайго чакаюць шмат гадоў. У цэнтры Менску ёсць дамы, якія трыццаць гадоў “стаяць” у чарзе, – кажа старшыня таварыства ўласнікаў “Васняцова-34” Галіна Шут. – У той часяк прыватная кампанія абслугоўвання аператыўна рэагуе на праблемы кожнага дому і кожнаму жыхару дае справаздачу аб выкарыстаных сродках”.

Сёння ў краіне працуюць 14 прыватных, 400 дзяржаўных жыллёва-эксплуатацыйных службаў і каля 400 таварыстваў уласнікаў.

belsat.eu

Стужка навінаў