50-метровы торт прэзідэнта расхапалі за некалькі хвілінаў


Прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў разам з тысячамі сваіх суайчыннікаў святкаваў дзень народзінаў пад адкрытым небам.

Жыхары другога паводле велічыні гораду Азербайджану Гянджа спяклі для Аліева 50-метровы торт – як падарунак на 50-годдзе. 24 снежня кулінарны твор выставілі пад адкрытым небам на гарадской плошчы. Прэзідэнт адрэзаў некалькі кавалкаў, рэшту торта афіцыянты падзялілі, каб кожны прысутны мог узяць крыху дадому.

Вакол торта сабраўся вялізны натоўп, які мусілі стрымліваць ахоўнікі. Паветраныя здымкі шматтысячнай арміі аматараў салодкага зрабіла радыё “Свабода”.

Гіганцкі торт жыхары Гянджы пякуць для прэзідэнта на кожны дзень народзінаў, штогод дадаючы адзін метр – адпаведна ўзросту кіраўніка дзяржавы.

Летась, як паведамляе аzerireport.com, на 49-метровы торт пайшло дзве тоны мукі, 29 000 яек, 350 літраў малака, 350 кг згушчонкі, 400 кг арэхаў, 370 кг масла, 35 кг какавы, 65 кг шакаладу і 380 кг крэму.

belsat.eu

Стужка навінаў