У Беларусі будуць збіраць кітайскія аўтамабілі


Раней пачалі збіраць іранскія “Samand” – і летась прадалі 369 штук.

Кітайскае прадпрыемства “Geely Automobile Holdings Ltd” зацікаўленае ў стварэнні вытворчасці легкавых аўтамабіляў у нашай краіне.

Праект абмяркоўваўся на нядаўняй сустрэчы прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча з кіраўніцтвам кітайскага холдынгу. “Праводзячы прэзентацыю прадукцыі, прэзідэнт кітайскай кампаніі Ян Цзянь выказаў гатоўнасць развіваць супрацу дзеля старту новых магутнасцяў на адным з беларускіх прадпрыемстваў”, – распавялі ў прэсавай службе Савету Міністраў.

Карпарацыя “Geely” мае больш за 30 відаў аўтамабільных мадэляў такіх марак, як “Emgrand”, “Gleagle”, “Englon” з рухавіком 1–1,8 літра, поўнаю аўтаматычнаю і ручною каробкаю перадачаў. Летась агульны аб’ём продажаў дасягнуў 416 000 аўтамабіляў, у тым ліку за межы КНР – 56 200.

У Беларусі збіраюць аўтамабілі “Samand”, гэта супольны беларуска-іранскі праект. Сярэдні кошт аўтамабіля – каля $ 14 000. За мінулы год прадалі 369 штук. “Сёлета былі пэўныя праблемы з пастаўкамі камплектных дэталяў, звязаныя з адсутнасцю валюты на беларускім рынку. Аднак вытворчасць не замарожвалася, мы працягваем працаваць”, – паведамілі ў кампаніі.

Між тым, раней урад Беларусі выказваў надзею, што з увядзеннем у эксплуатацыю зварачнага і фарбавальнага цэхаў аб’ём вытворчасці легкавых аўтамабіляў вырасце да 30 000 аўтаў на год.

Супольнае прадпрыемства размяшчаецца ў пасёлку Абчак пад Менскам на вытворчай базе ЗАТ “Юнісон”. Доля беларускага боку складае каля 28 % акцыяў СП, 42 % належыць “Iran Khodro”, 25 % – ангельскай кампаніі “Phoenix”, беларускі холдынг мае 5% акцыяў.

belsat.eu

Стужка навінаў