У Салігорску банк не прымае грошай на рахунак кандыдата Саннікава


Адмову тлумачаць адсутнасцю адмысловай праграмы.

Пра выпадак паведаміў Аляксандр Атрошчанкаў, прэсавы сакратар лідара грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” і кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава. Паводле яго, жыхар Салігорску Дзмітрый Яўланаў хацеў зрабіць грашовы перавод у аддзяленні “Беларусбанку” № 633/11. У касе адмовіліся прыняць грошы, спаслаўшыся на тое, што маюць старую версію адпаведнай камп’ютарнай праграмы, а новую яшчэ не ўсталявалі.

Пасля сустрэчы з выбарнікамі ў Салігорску Саннікаў разам з Яўланавым пайшоў у згаданае аддзяленне банку. У акенцы сядзела іншая касірка, учорашняя была ў суседнім. На здзіўленне Яўланава, новая касірка пачала выконваць аперацыю. Ён запытаўся, ці бываюць праблемы з пераводамі на гэты рахунак, патлумачыўшы, што ўчора зрабіць гэтага не атрымалася. Касірка адказала, што, магчыма, праблема ўзнікла з-за таго, што ўчора нумару не было ў базе звестак.

Касірка з суседняй касы пачула размову і сказала, што перавод ажыццявіць нельга і калі ён гэта зробіць, то будзе вымушаны забіраць грошы ў галоўным аддзяленні “Беларусбанку” ў Салігорску.

Аляксандр Атрошчанкаў адзначае, што гэта адзіны выпадак, пра які яму вядома, але не выключае падобных у іншых населеных пунктах Беларусі. Магчыма, сказаў ён, людзі сутыкаюцца з немагчымасцю перавесці грошы, расчароўваюцца і сыходзяць, нікому не паведамляючы пра гэта.

belsat.eu

Стужка навінаў