На змену «вялікаму правадыру» прыйдзе «малады генерал»


Паўночнакарэйскае тэлебачанне паказала развітанне Кім Чэн Уна з бацькам Кім Чэн Ірам. Менавіта малодшы сын памерлага дыктатара лічыцца ягоным галоўным пераемнікам.

Падчас цырымоніі развітання цела Кім Чэн Іра было ў шкляной труне, аточанае белымі кветкамі, што названыя ў гонар кіраўніка Паўночнай Карэі. З “вялікім правадыром” развіталіся таксама афіцэры паўночнакарэйскага войска ды партыйныя функцыянеры. Шмат хто з іх не хаваў слёзаў і нават падаў на калені перад труною Кім Чэн Іра.

Кім Чэн Ун лічыцца пераемнікам свайго бацькі, цяпер ён намеснік старшыні Цэнтральнага савету Партыі працоўных Паўночнай Карэі, што мае эквівалент генеральскага звання. Адрозна ад свайго бацькі, які меў неабмежаваную ўладу, Кім Чэн Ун найхутчэй будзе дзяліць уладу з дзядзькам Чанг Сонг Тхэкам і некаторымі высокапастаўленымі вайскоўцамі.

Пасля смерці Кім Чэн Іра паўночнакарэйскія медыі пачалі называць малодшага сына дыктатара “вярхоўным галоўнакамандуючым”, “вярхоўным лідарам” ды “маладым генералам”. Пра асобу Кім Чэн Уна вядома няшмат. Лічыцца, што ягоны ўзрост – каля 27–28 гадоў, некаторы час вучыўся ў прыватнай школе ў Швейцарыі. Ягонае імя можна перакласці як “праведнае воблака”.

belsat.eu

Стужка навінаў