Таццяна Равяка ў «Гарачым каментары»


Беларускія ўлады не ведаюць ні святаў, ні літасці. Дэпартамент выканання пакаранняў і пракуратура не дазволілі Алесю Бяляцкаму прыехаць на пахаванне бацькі.

Пісьмовую адмову з Дэпартаменту выканання пакаранняў атрымала сёння жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук. З пракуратуры яна атрымала вусную адмову. Абодва ведамствы спаслаліся на беларускае заканадаўства, якое не прадугледжвае магчымасці такога спаткання для асобаў, у дачыненні якіх прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу. Бацька Алеся Бяляцкага памёр у суботу, ён хварэў на рак. Ягонае пахаванне мае адбыцца заўтра. Зняволены праваабаронца так і не атрымаў дазволу пабачыць бацьку апошні раз.

Паводле праваабаронцы і калегі Алеся Бяляцкага Таццяны Равякі, надзея тое, што зняволенаму праваабаронцу дазволяць развітацца з бацькам, яшчэ ёсць.

«Мы атрымалі сёння два супрацьлеглыя рашэнні ды спадзяемся, што тое станоўчае рашэнне будзе рэалізаванае. Я маю на ўвазе рашэнне суда Першамайскага раёну «аб дазволе на вываз абвінавачанага з СІЗА», якое сёння атрымала жонка Алеся Наталля Пінчук. На сённяшні дзень суд прыняў адно рашэнне, а Дэпартамент выканання пакаранняў прыняў абсалютна іншае», – кажа спадарыня Равяка.

Рэч у прабеле ў заканадаўстве – працэдура этапавання зняволеных, у дачыненні якіх прысуд уступіў у сілу, прадугледжаная Крымінальна-працэсуальным кодэксам, і рашэнне прымаецца станоўчае. Дастаткова прыгадаць выпадак Аляксандра Казуліна, якому дазволілі развітацца з жонкаю. Разам з гэтым, на асобаў, у адносінах да якіх прысуд яшчэ не ўступіў у сілу, гэтая магчымасць не распаўсюджваецца.

«Сёння мы з жонкай Алеся былі ў Генеральнай пракуратуры, і там нам пацвердзілі, што так, гэта прабел у заканадаўстве, які трэба выпраўляць. Але Алесю Бяляцкаму працы для выпраўлення заканадаўства нічым не дапамогуць. Аднак у адносінах да Змітра Дашкевіча, якому дазволілі прысутнічаць на пахаванні маці, нягледзячы на тое, што ён быў у такой жа сітуацыі, гэты прабел разглядаўся на ягоную карысць. І я да апошняга спадзяюся, што ў адносінах да Алеся рашэнне таксама будзе гуманнае», – кажа Таццяна Равяка.

belsat.eu

Стужка навінаў