Развітанне з бацькам – не прадугледжваецца


Наталля Пінчук, жонка праваабаронцы Алеся Бяляцкага, атрымала пісьмовую адмову ў Дэпартаменце выканання пакаранняў МУС на просьбу дазволіць ейнаму мужу развітацца з бацькам, які памёр 24 снежня. Вусную адмову жанчына таксама атрымала ў пракуратуры.

У абодвух ведамствах спаслаліся на тое, што заканадаўства не прадугледжвае магчымасць такога спаткання для асобаў, у дачыненні якіх прысуд яшчэ не ўвайшоў у законную сілу. У адпаведнасці з законам «асоба, якая ўтрымліваецца пад вартаю, мае права на зносіны з абаронцамі, спатканне з блізкімі сваякамі ды чальцамі сям’і ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у прызначаных для гэтых мэтаў памяшканнях месцаў утрымання пад вартаю; іншага парадку давання спаткання асобам, у дачыненні якіх прысуд не набыў законнай сілы, не прадугледжваецца».

У Дэпартаменце выканання пакаранняў і пракуратуры праігнаравалі рашэнне суда Першамайскага раёну Менску ад 26 снежня, які выдаў чарговы дазвол на развітанне асуджанага праваабаронцы з нябожчыкам. Рашэнне адпусціць Бяляцкага на развітанне суд выносіць ужо трэці раз, але рэалізаваць яго так і не ўдалося.

Віктар Усцінавіч Бяляцкі памёр 24 снежня на 84-м годзе жыцця. Пахаванне пройдзе 27 снежня ў Светлагорску.

На мінулым тыдні родныя Бяляцкага прасілі адпусціць яго развітацца з бацькам, які паміраў. 19 снежня суд Першамайскага раёну даў дазвол на спатканне. Аднак у следчым ізалятары Жодзіна, дзе цяпер утрымліваецца Бяляцкі, заявілі, што паперы аформленыя неналежным чынам. Акрамя таго, у адміністрацыі СІЗА сказалі, што ў іх няма магчымасці канваяваць Бяляцкага ў Менск і зарганізаваць бяспеку. Спробы перааформіць дазвол былі беспаспяховыя.

Віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага 24 лістапада прыгаварылі да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго прызналі вінаватым ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Падставаю для крымінальнага пераследу Бяляцкага сталася інфармацыя пра ягоныя замежныя банкаўскія рахункі, перададзеная ў Менск чыноўнікамі Літвы і Польшчы ў межах двухбаковых пагадненняў аб прававой дапамозе.

belsat.eu

Стужка навінаў