У Менску можна спраўдзіць экалагічную бяспечнасць тавараў


На пытанні спажыўцоў адказваюць адмыслоўцы Інфармацыйнага цэнтру ў пытаннях хімічнай бяспекі і адкідаў.

Такая ініцыятыва належыць Цэнтру экалагічных рашэнняў, спецыялісты якога не першы год займаюцца ў Беларусі гэтымі праблемамі. Ці ёсць спосаб абараніць сябе ад шкодных забруджальнікаў? Як распазнаць «хімію» на прылаўках? Што рабіць з небяспечнымі адкідамі? Атрымаць адказы на гэтыя ды іншыя пытанні можа кожны спажывец, прычым бясплатна. Пракансультавацца ў экспертаў можна па тэлефоне ў Менску (8-017) 237-40-70, па электроннай пошце info@ecoidea.by або ў офісе па адрасе пр-т Машэрава, 3-317.

Паводле супрацоўнікаў Цэнтру экалагічных рашэнняў, найчасцей да іх звяртаюцца з пытаннямі наконт якасці дзіцячых цацак, мэблі, будаўнічых матэрыялаў. Як адзначыў намеснік дырэктара ў праграмных пытаннях Яўген Лабанаў, у межах праекту будуць даследавацца і малавывучаныя хімічныя рэчывы. «Такая інфармацыя будзе карысная як навукоўцам і спецыялістам Міністэрства прыроды, так і простым спажыўцам», – упэўнены ён.

Варта адзначыць, што хімічнай экспертызы ў цэнтры не праводзяць. «Мы даем звесткі пра сертыфікацыю тавараў, пра лабараторыі, дзе можна праверыць тавары – цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. То бок наша дзейнасць заключаецца збольшага ў экалагічнай адукацыі насельніцтва», – адзначыў кансультант.

На думку эксперта Менскага інфармацыйнага цэнтру ўстойлівага спажывання Ірыны Ластоўскай, праект можа станоўча паўплываць на экалагічную свядомасць беларусаў. Агульнарэспубліканскае апытанне спажыўцоў выявіла, што толькі 10 % рэспандэнтаў задумваюцца пра тое, наколькі натуральным і экалагічна чыстым ёсць прадукт. Пытанне, ці ўтрымліваюцца ў прадукце хімічныя дадаткі, хвалюе каля 15 % апытаных. Крыху больш за 9 % звяртаюць увагу на экалагічную чысціню і натуральнасць тавару, 6 % – на адсутнасць у яго складзе генетычна мадыфікаваных арганізмаў. Аднак пры гэтым больш за 71 % рэспандэнтаў выказаў гатоўнасць плаціць больш грошай за ўпэўненасць у тым, што яны набываюць менавіта натуральныя, экалагічна чыстыя прадукты. «Падчас апытання шматлікія рэспандэнты казалі, што гатовыя хоць цяпер адмовіцца ад прадуктаў, шкодных для здароўя і навакольнага асяроддзя», – заўважае эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў